Политика

Сіўчык: У беларусаў няма іншых варыянтаў, акрамя як выйсці на Плошчу

17.12.2013, 23:30 7046

Вячаслаў Сіўчык – заяўнік і арганізатар шэрагу гучных вулічных акцый другой половы 90-х гадоў ХХ стагоддзя – пачатку XXI стагодзя, цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі. Ён канстатуе, што беларуская апазіцыя не ў лепшым стане падышла не толькі да выбрараў 2010 года, а фактычна знаходзіцца ў ім з лістапада 1996 года, калі Лукашэнка здзейсніў канстытуцыйны пераварот і дэ-факта адмяніў традыцыйныя правы і свабоды. 

"У сфармаванай прамаскоўскай гэбэшнай дыктатуры палітычныя партыі праз адсутнасць дэмакратычных выбараў былі выцесненыя на ўзровень грамадскіх аб’яднанняў з усімі вынікаючымі адтуль наступствамі. Калі казаць канкрэтна пра 2010 год, то сітуацыя была абцяжараная шэрагам чыннікаў", - заявіў Сіўчык у інтэрв'ю сайту "Товарищ.online" у рамках праекта "Три года спустя: достижения и ошибки".

Ярмошына рэгістравала 10 кандыдатаў гэтак жа, як яна праводзіць "выбары"

Па-першае, адзначыў ён, "дыктатура пры ўладзе працяглы тэрмін, і сілавікі і чыноўнікі звыкліся парушаць закон і шчыра верыць у сваю безпакаранасць. Самы яскравы прыклад - Лідзія Ярмошына. Чыноўніца, якая мела несці крымінальную адказнасць яшчэ за фальсіфікацыю падчас рэферэндуму 1996 года. Пасля былі дзясяткі выбарчых кампаніяў, вынікі якіх не прызнаваліся цывілізаваным светам. У 2010 годзе мы бачым уседазволенасць гэтай чыноўніцы лукашэнкаўскага рэжыму, што праявілася не толькі ў маляванні лічбаў, але і ў яе знакамітым выказванні пра "боршч".

Па-другое, "узмацненне ролі лукашэнкаўскіх і расейскіх спецслужбаў, што непазбежна прыводзіць да палітычных схемаў, у якіх амаль што немагчыма нармальна дзейнічаць не толькі апазіцыі, але і ўсяму беларускаму народу".

Таму, лічыць Сіўчык, беларуская апазіцыя не магла падысці да кампаніі 2010 года ў якасці палітычнага суб’екта. "Лукашэнку трэба раз на 5 гадоў праводзіць фарс, таму што ва ўсім свеце прынята перыядычна праводзіць выбары. Апазіцыя, натуральна, спрабавала гэта выкарыстаць. 10 - гэта шмат кандыдатаў? Так іх рэгістравала Ярмошына, гэтак жа, як яна праводзіць "выбары". Няўзгодненасць пазіцый адсутнічала на тэледэбатах кандыдатаў. Іншая справа, што ва ўсіх іх, акрамя Міколы Статкевіча, адсутнічаў досвед вулічнай барацьбы ды і пра рэпрэсіі рэжыма яны, у асноўным, ведалі з навінаў ці расповедаў знаёмых. Таму, кандыдаты былі не гатовыя ні да Плошчы, ні да рэальных рэпрэсій. І ў любой еўрапейскай краіне, акрамя Беларусі, гэта было б нармальна", - сказаў ён.

У апазіцыі на 19 снежня 2010 года быў сцэнар, праўда, крыху рамантычны

Сіўчык не пагаджаецца з тым, што ўлада не адчувала рэальнай пагрозы ад некалькіх дзесяткаў тысяч чалавек, што прыйшлі на Плошчу. "Яшчэ як адчувала, бо любыя масавыя пратэсты небяспечныя для сённяшняй ўлады. А пачынаецца ўсё з канкрэтнай першай акцыі. Калі б не было разгону 19 снежня, то акцыі працягваліся б і былі б адэкватныя стаўленню беларусаў да існуючай улады. Каб не дапусціць асэнсавання людзьмі, за кім большасць, і была распрацаваная вельмі складаная схема па правядзенні "выбараў – 2010". Натуральна, гэтую схему планавалі ўлады і вельмі сур’ёзна, бо для гэтага маюць адпаведныя структуры і рэсурсы. Небяспека рэгістрацыі 10 кандыдатаў для рэжыму была ў непраўдападобнасці "перамогі" А.Лукашэнкі ў першым туры. Пасля разгону Плошчы і масавых рэпрэсій, хто пра гэта мог і хацеў гаварыць?" – падкрэсліў ён.

У апазіцыі, адзначыў Сіўчык, таксама быў сцэнар, праўда, крыху рамантычны, бо ніхто з кандыдатаў не мог арганізаваць Плошчу. Але ж не гэта найбольш зашкодзіла: "Калі шчыра, разлічваў, што кандыдаты ў апошні момант пагодзяцца з кіруючай роляю Міколы Статкевіча, як гэта напрыклад было пры правядзенні Маршу Свабоды, за які ён пасля быў асуджаны. Напярэдадні той акцыі ўсе іншыя лідары яго актыўна "не любілі", але ў апошні момант самі прасілі ачоліць калону. А ў 2010 годзе нават на гэтае рашэнне, абапертае на здаровы сэнс, кандыдаты былі ўжо няздольныя".

Палітэмігранты таксама патрэбныя

Сіўчык не адмаўляе таго, што беларускую апазіцыю можно папракаць у тым, што значная яе частка з’ехала з краіны. Толькі, лічыць ён, сэнсу няма ў гэтых папроках, бо гэта звычайнае самаедства, характэрная толькі нам, беларусам.

Больш важна, лічыцць Сіўчык, што робіцца тым ці іншым эмігрантам ды і наогул беларускай дыяспарай дзеля Беларусі. "Дарэчы, асабіста эмігрантам не з’яўляюся і ніколі не з’яўляўся. Адразу на першай жа ж прэс-канферэнцыі паведаміў грамадству, што вярнуся ў Беларусь, як толькі вызваляць Міколу Статкевіча і Зміцера Дашкевіча. Змітра, ужо дзякуй Богу, вызвалілі. Дарэчы, па палітычны прытулак я мог звяртацца яшчэ ў далёкім 1996 годзе, калі эмігравалі Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк. І менавіта тады я прыняў прынцыповае рашэнне гэтага не рабіць. Што тычыцца часовых выездаў за мяжу, каб не даць сябе пасадзіць, дык я гэта раблю ўжо ў чацвёрты раз у сваім жыцці", - адзначыў ён.

На думку Сіўчыка, абсалютнымі рамантыкамі з’яўляюцца тыя людзі, якія думаюць, што без эфектыўнай працы апазіцыі па-за межамі Беларусі лёгка будзе дамагчыся зменаў у краіне. "Самая галоўная праблема - пакуль Беларусь ў сферы ўплыву Расейскай Федэрацыі. Гэта трэба мяняць. У тым ліку і праз стварэнне і рэгістрацыю структураў беларускай апазіцыі ў дэмакратычных краінах і адпаведныя акцыі і кампаніі", - сказаў ён.

Праца апазіцыі па-за межамі Буларусі, па ягоных словах, вельмі важная – як раз для зменаў у Беларусі. І яе ні ў якім разе нельга аддаваць на водкуп блазнам і агентуры.

Хто з’яўляецца агентам КДБ, а хто – не

Сіўчык лічыць, што апазіцыя з 2010 года змянілася. "20 гадоў улады Лукашэнкі прывялі да непазбежнай дэградацыі як самой улады, так і грамадства. Натуральна, і апазіцыі – як часткі беларускага грамадства. Самым яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца наяўнасць у медыя-прасторы Колі Лукашэнкі ў якасці спадкаемца дыктатара, і ад гэтай праблемы ўсе старанна адводзяць вочы", - сказаў ён.

Яшчэ адзін прыклад, які Сіўчык не можа дакументальна падцвердзіць, хто з’яўляецца агентам КДБ, а хто – не. Але шэраг дзеячоў апазіцыі, ён натуральна лічыць ці агентурай ці стукачамі.

"У 1995-98-м годзе мне амаль штотыдзень прыходзілася весці паседжанне Управы БНФ, - узгадаў Сіўчык. - І за тыя плёткі і размовы, якія вяліся ў кулуарах Сядзібы БНФ, я шчыра лічыў Валерыя Буйвала стукачом. Пасля 2010 года вусная творчасць Буйвала перайшла ўжо ў пісьмовую - праз розныя сайты КХП-БНФ. Там у адкрытую здзекваюцца з мяне, з іншых беларусаў, якія не здаліся рэжыму Лукашэнкі. Мне шкада Зянона Пазняка ў звязку з "інфармацыйнай" дзейнасцю яго партыі, якая дзейнічае ў гэбэшнай Беларусі. Але гэта непазбежны вынік таго, што ён эміграваў 17 гадоў таму, зусім з іншае Беларусі, але ўзяў на сябе цяжар кіравання партыяй. Пазняк мае гістарычныя заслугі перад Беларуссю за сваю дзейнасць у канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў. Таму я раней маўчаў пра гэты "буйвалізм". Гэта пры тым, што на сайтах высмейваліся і акцыі, якія я праводзіў за апошнія 3 гады. Маўчаў, калі нехта ва Украіне наладзіў рассылку па ўкраінскіх нацыяналістах гэтых неўміручых твораў Буйвала і яго сатаварышаў. Але пасля таго, як абразілі маю маці, бо смешна "буйвалам", што 72-гадовую беларуску разам з яшчэ больш чым 20-ццю беларусамі затрымлівае міліцыя за ўшанаванне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, мушу патлумачыць беларускаму грамадству: Буйвал заўсёды быў такі. Але зараз прыйшоў яго час. І тое, што, здаецца, не гэбэшнікі, а прыстойныя людзі ў сацыяльных сетках распаўсюджваюць буйвалаўскія паклёп і хлусню - гэта натуральна паказвае дэградацыю ўсяго беларускага грамадства".

Адказу, як беларускае грамадства не толькі выжыве, а будзе развівацца, не існуе

Для таго, каб узнік нармальны план у апазіцыі, ёй трэба ў першыю чаргу аб’яднацца, лічыць Сіўчык. Мусіць быць аб’яднаная беларуская апазіцыя, бо толькі яна можа стаць палітычным суб’ектам. Аб’яднанне апазіцыі можа адбывацца ў любым фармаце. Ці праз Кангрэс дэмакратычных сілаў, ці праз фармат круглага стала, як гэта было зроблена ў шэрагу краінаў.

"Ёсць яшчэ адзін вельмі важны момант, - падкрэсліў Сіўчык. - Самая галоўная праблема беларускага грамадства - гэта дэпапуляцыя і дэградацыя насельніцтва. Не існуе сёння ніякай праграмы ні ва ўлады, ні ў апазіцыі, як спыніць гэты страшны працэс. На жаль, нашыя праграмы засталіся на ўзроўні канца 80-х – сярэдзіны 90-х, калі яны былі больш неабходныя, бо ў Беларусі былі выбары і быў парламент. За гэты час свет вельмі змяніўся. Ён сапраўды стаў глабальным. Беларускага адказу, як беларускае грамадства не толькі выжыве, а будзе развівацца, проста не існуе. У Лукашэнкі няма мэты адказваць на гэтыя выклікі часу. Ён думае толькі пра захаванне сваёй улады. Распрацаваць праграму можа толькі апазіцыя".

Сіўчык лічыць, што беларусаў, якім невыносна жыць пры рэжыме Лукашэнкі, вельмі шмат. Абсалютная меньшасць гэтых беларусаў з’яўляюцца сябрамі розных апазіцыйных партый і рухаў. "Таму пры любым фармаце развіцця падзей людзі ў дзень галасавання масава выйдуць на Плошчу. Бо ў беларусаў проста няма іншых варыянтаў. Плошча будзе. Канешна, хацелася б, каб маім калегам па апазіцыі не здраджваў хаця б здаровы сэнс, і яны ў гэты дзень былі б з беларускім народам, здольны былі б дзейнічаць. Бо пануюць у Беларусі шэрыя быкі. Іх трэба гнаць", - зрабіў высновы ён.

Сяргей Паўлоўскі, "Товарищ.online"

Опрос

Правильно ли поступил Лукашенко, не введя в Беларуси карантин?
Да
0%
Нет
50%
Мне все равно
50%
Всего голосов: 2

Мы в социальных сетях