100 гадоў таму пайшоў з жыцця Максім Багдановіч

Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык нарадзіўся 9 снежня 1891 года (паводле новага стылю) у Мінску ў сям'і настаўнікаў.
У чэрвені 1892 года сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна. У 1902 годзе Максім паступіў вучыцца ў першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. У 10-11 гадоў пачаў пісаць вершы па-беларуску. 6 чэрвеня 1907 года ў газеце «Наша Ніва» публікуюць першае апавяданне М.Багдановіча «Музыка». У 1909 годзе ў гэтай газеце публікуюць першыя вершы паэта. У 1911 г. пасля заканчэння гімназіі Максім Багдановіч прыехаў на Беларусь. У гэтым годзе паступіў вучыцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. У 1912 г. у газеце «Наша Ніва» публікуецца цыкл яго вершаў аб гісторыі Беларусі.
У 1913 г. у друкарні Марціна Кухты выдаецца зборнік вершаў М.Багдановіча «Вянок» – адзіная яго прыжыццёвая кніга паэтычных твораў. У 1914-1916 гг. працягвае актыўна займацца паэтычнай творчасцю, напісаннем артыкулаў, перакладамі. Выданы брашуры М.Багдановіча: «Братья – чехи», «Угорская Русь», «Червонная Русь». Аўтар паэм «Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык» (1914), «Максім і Магдалена» (1915), «Страцім-лебедзь» (1916).
У кастрычніку 1916 года, пасля заканчэння юрыдычнага ліцэя, вярнуўся на Беларусь, у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскі харчовы камітэт. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны.
У лютым 1917 г. М.Багдановіч паехаў на лячэнне ад сухотаў у Крым, у Ялту. 25 мая (12 мая ст. ст.) паэта не стала.
***
Народ, Беларускi Народ!
Народ, Беларускi Народ!
Ты - цёмны, сляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалi,
Цябе не пушчалi зь ярма
I душу тваю абакралi, -
У ёй нават мовы няма.
Збудьзiўшысь ад грознай бяды,
Увесь поўны сьмяротнай жуды,
Ты крыкнуть ня вольны: "Ратуйце!"
I мусiш ты "Дзякуй" крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!
(Максім Багдановіч, 1913 год)
Фота: sputnik.by