Во, аказваецца, як глыбока ўсё зайшло ў нашай працвітаючай краіне: за што ні вазьміся — усё адбываецца ўпершыню. Вось і папулярных ва ўсім свеце саўндтрэкаў (музычна-гукавых сцяжынак пэўных фільмаў) у нас, аказваецца, і не было, бо не пускалі беларускую песню ў кіно сучасныя гаспадары краіны. А ёсць жа калекцыянеры-меламаны, якія толькі іх і збіраюць. Ды ў краіне, дзе нават кіно свайго няма (акрамя банальных экранізацыяў расійскай класікі для Расіі на іхняй жа мове, дзе і духу беларускага не чуваць), чакалася хіба толькі смерці беларускай па ўсіх параметрах. І ўсё ж з’явілася і кіно з беларускай тэмай, і саўндтрэкі беларускія… як падарунак нашых сяброў з Захаду.
Адрэцэнзаваны намі ў 2006 годзе («Товарищ» № 45 за 23 лістапада) фільм польскага рэжысёра Міраслава Дэмбіньскага «Урок беларускай мовы» за мінулы час паспеў прынесці аўтару агульнаеўрапейскую падтрымку і… магчымасць рэалізаваць новы падобны праект — «Музычная партызаншчына», прысвечаны, самі разумееце, існаванню нацыянальнай мас-культуры ва ўмовах татальных галосных і патаемных забаронаў.
Будучы на першай ягонай прэзентацыі ў мінулым годзе, я звярнуў увагу, што пасля вядомых перамоваў дзяржаўнага ідэолага Праляскоўскага з лідэрамі колісь забароненых гуртоў, у грамадстве спее тэндэнцыя гаварыць аб нейкіх пераменах: вунь і «Краму» ўключылі ў навагодні канцэрт на ОНТ, і пару канцэртаў «N.R.М.» далі правесці без зрыву, а «Neuro Dubel» нават па БТ абяцалі паказаць… А тым часам журналісты, прыносячы свае рэцэнзіі ў дзяржаўныя газэты, заўважаюць іншую рэч. Пасля, напрыклад, майго асабістага кур’ёзу ў газэце БРСМ «Переходный возраст» з дыскам «Янка Купала 1882-2007 (да 125-годдзя)», выдадзенага Партыяй БНФ, мяне пачалі сустракаць там аднастайным пытаннем пра кожную рэцэнзію: «Мо вы зноў нам нейкую правакацыю прынеслі, як таго БНФаўскага Купалу?». Даводзіцца клясціся на ўсіх святых, што аб партыйнай прыналежнасці музыкаў нават не спраўляўся, бо ў злачынствах яны не заўважаны. А тым больш Купала.
Так што надзея на тое, што і новы фільм Мірэка Дэмбіньскага чакае на БТ або S/renTV не палітычны аналіз, а творчы, вельмі хісткая. Таму зоймемся гэтым аналізам самі. Тым больш, што выдаўцы абяцалі наладзіць маштабны распаўсюд гэтага рэлізу на DVD.
Фільм быў паказаны на вялікім экране пакуль толькі для абмежаванай аудыторыі, але магу засведчыць, што дзьве карціны Мірэка Дэмбіньскага хоць і маюць пэўныя агульныя аператарскія фрагменты, але відавочна розныя паводле настрою свайго. Галоўны шарм новай стужкі акурат у іранічнай, нават сцёбнай трактоўцы суровых беларускіх рэаліяў. Славутыя музыкі гурта «N.R.М.» Лявон Вольскі ды Піт Паўлаў, едучы ў таксі то па Мінску, то па Варшаве, разыгрываюць з сябе гэткіх паўдуркаў, для якіх усё добра — і што навабудоўлі растуць на месцах зруйнаваных помнікаў, і што роднай мовы ўжо амаль не засталося, якая нібыта замінала паўнакроўнаму развіццю нацыі, і што нават каровы ўжо адчуваюць патрэбу збегчы за мяжу, бо там хоць пакарміць ёсць каму. На гэтыя дыялогі нанізваецца сюжэт, які распавядае пра цыкл паўпадпольных канцэртаў гуртоў так званага «чорнага спісу» ў гарадах і мястэчках Беларусі ды Польшчы. Тут і міліцэйскі кантроль, і надуманасць падставаў забароны, і няпэўнасць дазволу ў адной краіне насуперак вольнасці выбару другой: беларускія песні падпяваюць часам не толькі маладыя, але і пенсіянеры (здагадайцеся дзе — у Беларусі ці Польшчы?).
Напрацягу ўсяго фільму гучыць каля паўтарох дзесяткаў беларускіх песняў, якія выконваюць і самі рок-музыкі, і турысты ля вогнішча, і замежныя артысты. Мяркую, нават калі вам трапіцца ў калекцыю арыгінальны DVD, усё адно будзе хацецца прыдбаць і CD-выданне саўндтрэку, таму што песні ў ім не перабівае лязгат падзеяў, выгукі публікі, розныя тэхналагічныя кінагукі. Але саўндтрэк пры тым не падобны і на банальную складанку на тэмы фільма, бо перад кожнай песняй захаваныя фрагменты дыялогаў Лявона Вольскага з Пітам Паўлавым, рэплікі Святланы Сугакі і Змітра Астапука, якія нагадваюць аўдыёслухачу сюжэт фільма.
Па шчырасці, мне самому дэталёва асэнсаваць трэк польскага гурта «Siddhartha» дапамог менавіта саўндтрэк, а не сам фільм, бо песня апынулася шматмоўнай (polish, ukrainian, belarusian):
Прашу дрэва: раскрый сваё карэнне
І раскажы ціха: бо хопіць толькі слова,
Каб пачуў я.
Акрамя таго, у стужку трапілі «N.R.М.» («Паветраны шар», «Одзірыдзідзіна», «Партызанская», дзьве версіі «Трох чарапахаў»), «Тарпач» («Хутчэй», «Чаго чакаць»), «Pete Paff» («Роса, росанька», «Дрэме Дрома») і дзьве версіі супер-хіта ў стылі рэгей «Я нарадзіўся тут», запяяныя то Змітром Вайцюшкевічам з Вольскім, то тым жа Вольскім з Ілонай Карпюк. Карацей, амаль гадзіна паўнавартаснага студыйнага часу.
Найпрышпільнейшае тут тое, што Еўропа — яна і для беларусаў Еўропа, таму спяшаюся парадаваць пільных калекцыянераў, што ў гэтым выданні пераможа той, хто збярэ поўны камплект рарытэтаў: DVD з запісам уласна фільму, асобнае CD-выданне ягонага саўндтрэку і шыкоўны каляровы постар 80х60 см, які паўтарае вокладку гэтых рэлізаў.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык