У канцы сакавіка споўнілася 65 гадоў, як Яфім Гапееў прыбыў у Налібоцкую пушчу з важным заданнем. Як упаўнаважанаму ЦК КП(б)Б і члену Баранавіцкага падпольнага абкома партыі Яфіму Данілавічу даручылі ўзначаліць Лідскі міжрайпартцэнтр, у зону дзейнасці якога, акрамя горада Ліды, уваходзілі сем раёнаў: Лідскі, Воранаўскі, Радунскі, Навагрудскі, Любчанскі, Іўеўскі і Юрацішкаўскі.
Стварэнне міжрайпартцэнтраў было выклікана самым жыццём. Справа ў тым, што партызанскі рух у Заходняй Беларусі ўзнік некалькі пазней, чым ва ўсходніх раёнах рэспублікі. Пад канец 1942 года на згаданай тэрыторыі дзейнічалі разрозненыя групы народных мсціўцаў і партызанскі атрад імя Ленінскага камсамола ў колішніх Васілішкаўскім і Радунскім раёнах. Усяго, як успамінаў пазней Я.Гапееў, у іх налічвалася каля 300 байцоў супраціўлення акупантам. А час патрабаваў шырока разгарнуць партызанскую вайну, прыцягнуць у яе больш мясцовага насельніцтва, каб па меры росту партызанскіх атрадаў стварыць бояздольныя брыгады.
Варта спаслацца і на такую акалічнасць. У асяроддзі партызан не ўсё добра было з дысцыплінай, часам не было ладу ў стасунках паміж камандзірамі. Аб гэтым я, будучы рэдактарам Лідскай аб’яднанай газеты «Уперад», чытаў у дакументах партархіва ЦК КПБ і ва ўспамінах былога камандзіра партызанскага атрада «Балтыец» Івана Пянькоўскага, чуў пад час гутарак з ветэранамі. Але пісаць аб гэтым тады не рэкамендавалася.
Словам, клопатаў у кіраўніка міжрайпартцэнтра хапала. І ў гэтай агромністай рабоце Яфіма Данілавіча падтрымлівалі асабісты жыццёвы вопыт, шматлікія патрыёты з ліку мясцовага насельніцтва, створаныя неўзабаве падпольныя райкомы партыі і камсамола. Тут варта заўважыць, што перад вайною Я.Гапееў быў сакратаром Воранаўскага РК КП(б)Б і ведаў спецыфіку працы з тутэйшымі жыхарамі.
Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, партызанскія атрады ў Лідскай зоне раслі і мужнелі. Праз год узброеную барацьбу з акупантамі тут вялі шэсць партызанскіх брыгад, аб’яднаных у буйное злучэнне, якое налічвала каля 5000 лясных салдат. Акрамя таго, у Юрацішкаўскім раёне дзейнічала брыгада асобага прызначэння «Няўлоўныя». Гэта была вялікая сіла, якая ўнесла значны ўклад у разгром ворага і набліжэнне доўгачаканай Перамогі.
Пра баявыя справы Лідскага партызанскага злучэння Яфім Данілавіч і яго саратнікі па змаганні з фашызмам не раз расказвалі на старонках аб’яднанай газеты «Уперад», іўеўскай і іншых «раёнак». Частымі былі выступленні партызанскіх камандзіраў і на святочных урачыстасцях. То былі незабыўныя сустрэчі.
Апошнюю гутарку з важаком пушчанскіх партызан я меў у пачатку 80х гадоў. Будучы па службовых справах у Мінску, патэлефанаваў Яфіму Данілавічу. Ён абрадаваўся майму званку і запрасіў да сябе на кватэру. Больш за ўсё гаварылі пра агульных знаёмых. Гаспадар успамінаў баявых сяброў Паўла Лыскова, Валянціна Дзямідава, Рыгора Фамічова, Віктара Панчанкава і іншых, кіраўнікоў Лідчыны Міхаіла Мінкевіча, Сяргея Кабяка, Надзею Папову, Уладзіміра Логаша. Добра адазваўся Я.Гапееў і аб рэдактарах лідскай падпольнай газеты «Уперад» Герасіме Кагану і Юльяне Драгуну. І тут я не ўстрымаўся і спытаў пра гібель першага журналіста.
– Гэта была недарэчная смерць у пушчы паміж Бакштамі і Любчай, — пачуў у адказ. — Болей скажу іншым разам, — паабяцаў гаспадар і прапанаваў выпіць яшчэ па кілішку гарэлкі.
Напой той самаробны быў прывезены ў сталіцу былым партызанам. Як прызнаўся Яфім Данілавіч, ён прызвычаўся да лясной гарэліцы ў партызанскай пушчы, калі часам так даводзілася адзначаць святы ці ўдалую аперацыю.
Але я адхіліўся ад галоўнай тэмы нашай гутаркі. Я.Гапееў колькі разоў тады падкрэсліваў, што баявыя справы народных мсціўцаў тлумачацца не толькі іх мужнасцю і самаахвярнасцю. У вялікай меры поспеху ў змаганні з акупантамі спрыяла падтрымка партызан мясцавым насельніцтвам. І з асаблівай цеплынёй называў такія вёскі-патрыёткі, як Альхоўка, Дакудава, Крывічы, Бурносы, Бакшты, Мікалаева і многія іншыя. Гэтыя населёныя пункты і іх жыхары ваеннага часу дастойныя вечнага ўслаўлення і ўдзячнай памяці нашчадкаў.
Напрыканцы зноў вяртаюся да першага вясновага месяца. 8 сакавіка споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Я.Гапеева. Чалавека, які нарадзіўся на свет у беднай сялянскай сям’і на Браншчыне і які парадніўся з Беларуссю. Хай гэты ўспамін пра Ганаровага грамадзяніна Ліды, яго баявых таварышаў, упамянутых і неназваных патрыётаў, стане своеасаблівым вянком іх памяці і славы.
Аляксандр ЖАЛКОЎСКІ.
Ліда