Пачаць гэты рэпартаж, бадай, варта з тлумачэння, што «Добрыя мыслі» — гэта не жаргоннае найменне прыстойных думак, а музычны клуб у Мінску, які атрымаў сваю назву ад колісь аблюбаванага вавёркамі месца. Вавёрак і называлі ў старадаўнасці добрымі мыслямі. А «zIGZAG» — таксама назва, але ўжо вядомага рок-гурта, аўтара двух паўнафарматных альбомаў і дзесятка кліпаў, прынятых у ратацыю не толькі многімі тэлеканаламі, але і плазменнымі экранамі сталічнага метрапалітэну. Дык вось нядаўна гурт «zIGZAG» даў у «Добрых мыслях» вялікі аўтарскі канцэрт.
Кажучы пра два альбомы, варта адразу звярнуць увагу на тое, што гэта вытворы кардынальна адрозныя стылістычна. Сваю дэбютную кружэлку «Bionic@» (2004) гурт спрацаваў у фарбах пяшчотнага электроннага нэа-рамантызму, у той час як «Тры расейскія літары» (2007) зроблены ў плыні жорсткага апантанага панк-року, часам з элементамі рэгей, а то і хэві-метал. Такім чынам, загадзя ўявіць, з чаго будзе складацца канцэпцыя таго двухгадзіннага нядзельнага шоў, было немагчыма. А такая таямнічасць акурат і прывабіла на імпрэзу не толькі мяне, але і многіх прыхільнікаў задорнага ды вясёлага стрыт-панку, мода на які нарэшце дакацілася і да нашых пенатаў. А дакладней, «zIGZAG» тую моду акурат і дакаціў.
Дарэчы, вядоўца канцэрту Міхал Нядзведзкі нездарма і распачаў гаворку пра «zIGZAG» недзе вычытанымі цытатамі пра іхнюю надзвычайную таямнічасць, а потым адразу прапанаваў паслухаць не якуюсьці вядомую песню з альбомаў, а зусім нядаўна раскручаны ў зборніку «НезалежныЯ» новы хіт «Ляцяць дні». Віртуозныя інструменталісты Іван Селішчаў (гітара) і Ўлад Скарапупаў (бас), якога ўвесь час называлі чамусьці Боб, забяспечылі трывалы грунт пад слушную абвестку «Танцують фсе».
Чаму я не назваў у гэтым складзе бубнара? Ды таму, што «Мерсэдэсу» рэклама не патрэбная: за бубнамі ў «zIGZAGу» сядзіць не хто іншы, як матор-майстар славутага «Partyzone» Аляксей Яфрэменка. Усё гэта стала ідэальным фонам для вакальных вычварэнняў лідэра калектыва Ігара Загумёнава (на здымку).
Забыў напачатку сказаць, што перад канцэртам, калі публіка заходзіла ў залу, на вялікім экране сучаснага манітора круціліся эфектныя кліпы «zIGZAGа», з якіх адзін найбольш уразіў публіку — «Тры расейскія літары». Камусьці гэты хіт падаецца занадта фрывольнай панкаўскай расслабухай, але менавіта ў кліпе выразна бачна, што гэта крык творчай асобы за чысціню роднай мовы.
Дык вось перад жывым выкананнем песні Ігар Загумёнаў распавёў рэальную гісторыю з свайго дзяцінства, калі яшчэ ў размовах з бабуляй яго пачала здзіўляць жахлівая непрактычнасць дарослых, якія з немаведама якой прычыны выдумляюць словы, якія нават нельга вымаўляць.
Слоў такіх на канцэрце не гучала. Замест іх Ігар віртуозна ўстаўляў кваканьне клаксона, якім жангліраваў падчас астатняга гучання даволі працяглай песні. А на мінулым «БАСовішчы» клаксона пад рукою не аказалася, а дзіцячы пісталецік быў занадта ціхім, з-за чаго Ігар дазволіў сабе ў Польшчы ўжыць абстрактныя там рускія словы. У выніку атрымаў афіцыйную дыскваліфікацыю на цэлы год. Ці ўдасца пераадолець праблемы панкаўскага наіву сёлета, вырашаецца акурат у гэтыя дні, але «zIGZAG» зноў плануе быць на «БАСовішчы». Мо і сам гэты канцэрт перад пасяджэннем журы дапаможа ім у гэтым.
Унікальным сведчаннем нашай парадаксальнай рэчаіснасці сталі некалькі песень першага альбому, выкананыя па замове беларускіх FM-станцый не на роднай, а на англійскай мове: «Палымянае неба» («The Burning Sky»), «Песня хвалі» («Song Of The Wave»). І нават вядоўца звярнуў увагу, што ў свой час нават дзівіўся, што па радыё нейкія замежнікі спяваюць па-свойму нашы вядомыя маладым песні. Аказваецца, сам Ігар здолеў удала закасіць пад чужынца, нездарма ж атрымліваў адукацыю ў ЗША. Выйшла, і ў Беларусі з роднай мовай не прасунешся.
У вялікі нон-стоп, які прагучаў за наступныя хвілін 20, увайшлі лепшыя песні абодвух альбомаў ды шэраг новых, выкананыя не ў панкаўскім ці нэа-рамантычным духу, а ў стылістыцы апошніх адкрыццяў гуртоў кшталту «Bullet For My Valentine»: тут і выразная мелодыка, і віртуозныя пасажы на гітары, і аб’ёмны джазавы настрой. Музыкі аказаліся здольнымі да гэтага, але ці не чакае іх чарговая кардынальная змена стылю? Нягледзячы на талент, гэтак можна і ўсіх сваіх фэнаў пагубляць.
Удалым момантам канцэрту мне падалася не толькі дэманстрацыя вялікай калекцыі кліпаў гурта, але і жывое інтэрв’ю з ім. І Міхал Нядзведзкі так грунтоўна да яго падрыхтаваўся, што здзіўляў нават кіраўніка калектыву Ігара Загумёнава, бо нават той не ведаў аб сваёй перамозе ў нейкіх музычных конкурсах, хіт-парадах, тэлефестывалях.
Завяршаў праграму канцэрта ўлётны кавер знакамітай дзюбелеўскай песні «Танкі», якая была паказана і жыўцом, і ў кліпе. Вядоўца выклікаў на сцэну і аўтара таго кліпа Арцёма Лобаша, каб паведаміць яму, што твор мае ўсе шанцы стаць пераможцам у адной з намінацыяў Усебеларускага Кліп-Марафону, але шчасліўчыка ў зале не аказалася.
На завяршэнне на біс яшчэ раз прагучалі скандальныя «Тры расейскія літары», дзе асабіста я зноў з асалодай назіраў за вычварэннямі басіста, так апантанага сваім інструментам, што перыядычна то скуб ягоныя струны, то біў па іх, то пяшчотнымі пераборамі вылузваў зыркую мелодыю, але ніколі не збіваўся з дакладнага, акцэнтаванага рытму. Гэта быў пульс «zIGZAG», строгі і каларытны.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык