iдзе руйнаванне
У 2008 годзе як ніколі востра паўстае пытанне аховы і выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Праблемы па захаванню помнікаў былі заўсёды, але менавіта за апошнія гады яны дасягнулі апагею. А першыя месяцы 2008 года вызначаюцца некіруемым працэсам татальнага ігнаравання заканадаўства пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны з боку дзяржаўных органаў самага рознага ўзроўню.
Толькі за апошнія два гады Мінск, Гродна, іншыя мясціны Беларусі страцілі дзясяткі, а то і сотні помнікаў гісторыі і культуры. Не ратуе ад знішчэння нішто, нават уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Як органы выканаўчай улады на месцах, так і Міністэрства культуры — упаўнаважаны дзяржаўны орган у галіне кантролю за выкананнем заканадаўства пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны — спрычыняюцца да працэсу парушэнняў нарматыўна-прававой базы, што няўхільна вядзе да ўсё новых і новых страт гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры пераўтварыліся ў своеасаблівы інстытут вынясення прысудаў нашым помнікам. Прысуды гэтыя рыхтуюцца не ў адпаведнасці з законам, а адпаведна замове «зверху» і «революционному правосознанию».
Закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», шэраг падзаконных нарматыўна-прававых актаў трактуюцца чыноўнікамі адвольна, а то і ігнаруюцца пры поўнай пасіўнасці праваахоўных і кантрольна-рэвізійных органаў.
Пратаколы сведчаць
Гэта яскрава падцвярджае Пратакол даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка, якія дадзены пры наведванні будынка па вуліцы Кірава, 43, у Мінску, ад 3 чэрвеня 2008 года № 18. У ім Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, абодвум палатам Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйнаму суду, Кіраўніцтву справамі Прэзідэнта прадпісана падрыхтаваць прапановы па зносу былой «Ленінкі» — будынку, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і які мае 2ю катэгорыю аховы, з’яўляецца ўнікальным помнікам канструктывізму.
Рашэнне па яго зносу парушае артыкулы 3, 7, 8, 23, 27, 28, 29, 32, 33, 36, 37, 44, 45, 52, 53 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» ад 9 студзеня 2006 года, іншыя нацыянальныя нарматыўна-прававыя акты, шматлікія міжнародныя метадычныя дакументы, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь.
Цынізм у дачыненні да помнікаў не можа не здзіўляць. Пад абыякавае ці негатыўнае стаўленне да каштоўнасцяў, звязаных з перыядам Вялікага Княства, Рэчы Паспалітай, перыяду беларускага адраджэння можна яшчэ падвесці ідэалагічнае абгрунтаванне. Але практыка адпаведнага стаўлення да помнікаў савецкага перыяду, той эпохі, якая зараз «святая карова» дзяржаўнай ідэалогіі, — а гэта і прыклад былой «Ленінкі», і сітуацыя вакол парку Янкі Купалы, і шматлікія іншыя прыклады, — дэманструюць поўны маральны распад дзейсных дзяржаўных інстытуцыяў.
Тэндэнцыі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны не суцяшаюць, нягледзячы на бюджэтнае фінансаванне рэстаўрацыі шэрагу знакавых для Беларусі помнікаў. Па-першае, пры правядзенні прац татальна парушаюцца ўсе метадычныя рэкамендацыі, міжнародныя нарматывы, нацыянальная нарматыўна-прававая база. Па-другое, фінансаванне кропкавых аб’ектаў не здымае праблемы страт гістарычных архітэктурна-планіровачных ансамбляў шматлікіх беларускіх гарадоў і мястэчак, якія знішчаюцца пад прыкрыццём так званага добраўпарадкавання.
Хацелася б нагадаць асноўныя прынцыпы і напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якія сфармуляваны ў артыкуле 3 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь»:
– прызнанне гiсторыка-культурнай спадчыны фактарам развiцця дзяржавы;
– адказнасць дзяржавы за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны;
– удзел грамадзян у ахове гiсторыка-культурнай спадчыны.
А зараз проста зададзім самі сабе пытанне: што з гэтых прынцыпаў выконваецца ўвогуле, а калі што і выконваецца, то ў якім аб’ёме?
Задаваць такое пытанне трэба і Мінкульту, і Саўміну, і праваахоўным і іншым дзяржаўным органам, нават гаранту Канстытуцыі і, адпаведна, першай службовай асобе нашай дзяржавы. І задаваць у пісьмовым выглядзе.
Што рабIць?
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) прапануе ўсім грамадскім арганізацыям, палітычным партыям, прадстаўнікам журналісцкага цэху аб’яднаць намаганні па абароне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, дзеля чаго стварыць адпаведную Каардынацыйную раду, якая будзе складацца з грамадскіх камісіяў. Так, прапануецца ўдзел у стварэнні і працы наступных грамадскіх камісій:
1. Камісія «Мір-Нясьвіж» — вывучэнне і дакументацыя парушэнняў нацыянальнага заканадаўства, міжнародных методык і прававых актаў пры правядзенні рэстаўрацыйных прац на аб’ектах «Юнэска».
2. Прававая камісія — выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленню дзеючага заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны і яго правапрымянення.
3. Экспертная камісія — грамадскі экспертны кантроль за выкананнем заканадаўства ў Мінску і рэгіёнах, дакументальнае афармленне парушэнняў заканадаўства.
4. Камісія «Мартыралог» — збор звестак пра страчаныя помнікі і асобы, якія прынялі ўдзел у іх руйнаванні.
5. Інфармацыйная камісія — праца са сродкамі масавай інфармацыі.
У нас застаўся адзіны шанец уратаваць для нашчадкаў нашае культурнае багацце — гэта аб’яднаць намаганні і працаваць разам. Давайце ж не губляць гэтага шанцу.
Антон АСТАПОВІЧ,
старшыня Рэспубліканскай рады БДТАПГК