Все номера     Пишите нам
Пятница, 29 августа 09:04 Поиск по сайту:
ПАЛІТЫКА ПАВІННА СТАЦЬ ЧЫСТАЙ СПРАВАЙ
"Товарищ", № 662 за 6 августа 2008 г.

Таццяна Севярынец нарадзілася 1 верасня 1954 года ў Лунінцы Брэсцкай вобласці ў сям’і чыгуначніка і бібліятэкаршы. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Працавала настаўніцай у вёсцы Пагост Аршанскага раёну, гарадскім пасёлку Барань Арашанскага раёну, потым у школах Віцебска.

Партрэтная галерэя АДС

Маці Павала Севярынца, аднаго з заснавальнікаў «Маладога фронта» і сустаршыні Аргкамітэта па стварэнні партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, лічыць, што ў беларускую ўладу нарэшце мусяць прыйсці людзі, якія зробяць яе сапраўды народнай. Пра свой удзел у сёлетніх выбарах, жыццё пасля прымусовага звальнення са школы і свае планы Таццяна Севярынец распавяла ў інтэрвью «Товарищу».

– Спадарыня Таццяна, як Вы прыйшлі да рашэння ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў?

– Я ўжо выгнаная са школы амаль год. Скажам так, у мяне з’явіўся вольны час, каб працаваць і дапамагаць сыну ў справе стварэння партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. І як кожная партыя вылучала сваіх дэпутатаў, таксама і аргкамітэт БХД вылучыў сваіх. За маё месца ішла барацьба даволі доўгая, але ўсё ж такі 8 чэрвеня абралі мяне адзіным кандыдатам ад АДС па 17-й акрузе Віцебска. Прозвішча наша гучыць тут не ўпершыню, бо ў 2004 годзе па гэтай жа акрузе ішоў Павал, а паколькі ў яго зараз пасля крымінальнай справы параза ў правах, таму было вырашана, што гэтае месца займу зараз я.

– І як адчуваеце сябе ў ролі апазіцыйнага кандыдата?

– Я даўно ўжо ўдзельнічаю ў выбарах — з 2000 году на розных пасадах. Двойчы вылучалася сама ў мясцовы Савет дэпутатаў, але безвынікова па зразумелых прычынах. На мінулых выбарах ўсё нават дайшло да абласнога суду, бо было зафіксавана шмат парушэнняў падчас рэгістрацыі кандыдатаў. Як памятаеце, тады амаль ніхто з апазіцыйных кандыдатаў не прайшоў. Калі мяне звальнялі са школы, то мне так адкрытым тэкстам і сказалі, што гэта з-за выбараў. Увогуле, падчас усіх выбарных кампаній мяне пастаянна выклікалі да дырэктара. Там такія ўвесь час былі сваркі і быццам бы не пагрозы, а ўгаворы, скажам так. Бо настаўніца я была добрая, а тады яшчэ працавала намесніцай дырэктара, але ўвесь час дырэктар мне казаў, што, пабачыш, цябе звольняць.

Вось нават у ініцыятыўную групу мы ўключалі людзей, якіх засцярожвалі, якіх папярэджвалі, што будзе ціск з боку ўладаў. Быццам бы ўсе ўсведамлялі, што можа быць. Але вось, бачыце, аднаго чалавека ўдалося запалохаць — жанчына, якая жыве з двумя малымі ў інтэрнаце, падпісала заяву, што не працавала ў маёй групе. Гэта магло абярнуцца нам вялікімі праблемамі, але нас, на дзіва, зарэгістравалі.

– Ціск падчас працы ў школе быў увесь час?

– Ну, які ціск… Праверкі — адна, другая, трэцяя… Вось, нават калі мне было 50 гадоў, ну, гэта не крыўда, мне толькі смешна было… Напрыклад, усім граматы даюць — а ў мяне ж вышэйшая катэгорыя ёсць, заўсёды былі пераможцы алімпіядаў, былі поспехі і ў драматычнага гуртка, якім я кіравала — але ж на маё 50годдзе, на Дзень настаўніка, мяне абыйшлі сваёй дарагой высокай увагай. Раней — гэта заўсёды прэмія, грамата, але тут я нічога не атрымала, хаця нават рыхтавалася, думала, як буду адмаўляцца ад гэтай дзяржаўнай узнагароды (смяецца).

Ну, нічога, вось ужо год я не працую настаўнікам, але сувязь у мяне ёсць і з некаторымі калегамі, і з вучнямі, і з бацькамі. Заўсёды добрыя адносіны. А тое, што звольнілі, — барацьба такая, што ж рабіць. Ведае, канешне, мая акруга мяне. Гэта і 23-я школа, дзе я раней працавала намеснікам дырэктара, гэта часткова і 40-я школа. Тут і дом мой стаіць — на гэтай акрузе, і суседзі ёсць, і сяброў шмат, і знаёмых шмат. Па-другое, я тут вылучалася і на мясцовых выбарах. І Павала, канешне, памятаюць. Калі на апошніх выбарах хадзіла і збірала подпісы, то мне казалі: «Вось, а хлопчык, што раней ішоў, мы так хацелі, каб ён перамог». А нехта нават пачынаў і гнаць з хаты: «Вось той быў! Мы б за яго прагаласавалі!» А я кажу: «Дык я ж яго мама!» Пасля гэтага выбачаліся і давалі подпісы адразу ўсёй сям’ёй, гналі нават тых, хто не зусім хацеў (смяецца).

Падтрымка ёсць. Тым больш група ініцыятыўная — працаздольная і працавітая, ды я і сама ў яе ўваходжу, бо ёсць досвед гэтай працы.

– Што найперш хвалюе выбаршчыкаў?

– Людзей хвалюе ўсё! Але яны так загнаныя, так баяцца… Іх хвалюе жыццё: і кошты за кватэры, і адмена сацыяльных ільготаў, і шмат прадпрымальнікаў на акрузе жыве, якіх проста забіў славуты указ № 760, і медабслугоўванне няякаснае, і няправедные суды, шмат чаго хвалюе.

Калі я перамагу на выбарах, то, перш за ўсё, засяроджу ўвагу на праблемах свабоды друку і свабоды сумлення. Тыя 50 000 подпісаў, якія збіралі актывісты па стварэнні БХД, і за якія судзілі і штрафавалі майго сына — яны павінны змяніць закон аб свабодзе сумлення.

Што ж тычыцца майго роднага горада Віцебска, той акругі па якой я іду — я ведаю, што ў нас ёсць вялікая колькасць прыватнага сектару, дзе проста няма дарог, дзе ўвогуле вельмі дрэнная сацыяльная інфраструктура. Вось на гэтым бы я таксама засяродзілася, бо была я на гэтых вуліцах у мікрараёне Лучоса, там проста немагчыма жыць. Здаецца, там зялёная зона, сады вакол, але дарога з такім пакрыццём, што пасля праезду адной машыны нават бялізну каля дома нельга сушыць.

– Як стасуецца пасланне АДС і кандыдаткі Таццяны Севярынец?

– Добрае пасланне, добра стаўлюся да гэтага пасылу наконт кантролю за ўладай. І гэта ж, канешне, я ўключаю і ў сваю праграму як кандыдат ад АДС. Бо не народ для ўлады, а ўлада для народу. Але б я дадала яшчэ слова веры, бо належу да Аргкамітэта па стварэнні БХД. Лічу, што вернікі мусяць ісці ў палітыку, бо той, хто шчыра верыць, не ўнясе бруду туды. Палітыка можа ўсё ж быць і чыстай справай. Гэта, магчыма, гучыць ідэалістычна, але я ў гэта веру, бо — аптыміст. У маім пасланні — апора на хрысціянскія і сямейныя каштоўнасці.

– Спадарыня Таццяна, ці прадбачылі Вы, што палітычная актыўнасць сына так абернецца і для яго, і для ўсёй сям’і Севярынцаў?

– Гэта ж маё дзіця. Я ведала, што закране нас таксама, але ніколі не было такога, каб я адгаворвала яго. Засцярожвала, канешне, бо нікому не хочацца, каб сына хапалі на кожным кроку і здзекваліся над тваім дзіцём. Але ўвесь час мы яго падтрымлівалі.

– На што, акрамя палітыкі, застаецца ў Вас зараз час?

– На маіх родных, на маіх дзяцей, маіх унукаў і ўнучак (іх у мяне чацвёра). Вельмі люблю чытаць, але зараз, на жаль, час застаецца толькі на лёгкае чытво. А таксама яшчэ асвойваю кампутар, хаця ён мяне бывае і абражае (смяецца).

Гутарыў

Пётр КУХТА

На форуме статья не обсуждалась

Комментарий:
Логин:
Пароль:
???? ??'??????? ????????????? ????? ???????????!
 Ещё новости раздела
Сергей Калякин: Осетины и абхазы ничем не хуже белорусов
Анатолий Змитрович: предприниматели могут выдвинуть своего кандидата в президенты.
Сергей Калякин: Демократические силы эти выборы не признают
Леонид Заико: В связи с новыми тарифами на газ обвал в отечественной экономике не произойдет
Николай Куприянов: Осторожно, пьяный за рулем!
Петр Мигурский: На рост эффективности сельскохозяйственного производства богатый урожай зерна сильно не повлияет
Елена Скриган: Пойдем на регистрацию опять
Анатоль Лябедзька: вызваленне палiтвязняў не здымае з парадку дня праблемы выбараў
Владимир Парфенович: Вся страна начнет заниматься байдаркой
Ярослав Романчук: Те, кто исповедует законный прозрачный бизнес, стараются с инвестициями в Беларусь не соваться