С 1996 Утульная кватэра Касі
Камоцкай. Лямпа, столік, на якім кнігі, кампакты з музыкай і дакументальнымі
фільмамі. Побач арыстакратычная дагіня Марта, што з паўслова разумее
гаспадыню – чым не шляхотны прыём?
– Інтэрв‘ю для газеты «Товарищ»? З задавальненнем.
Ведаеш, калі я вучылася на гістфаку, а потым у аспірантуры, грунтоўна
вывучала марксізм-ленінізм. І зразумела, што чытанне гэтай літаратуры
дапамагае разуменню сітуацыі ў краіне. Праўда, камунізму ў СССР было зусім
замала, як і зараз у Беларусі. Таму і мая бабка, камуністка з вялікім стажам,
цяперашняга лідэра Беларусі называла выключна з памяншальным суфіксам,
іранічна.
– Кася, наконт таямніцы характару – ты і ўвасабленнне прыгажосці і
шчырасці на беларускай сцэне, але і цвёрдасці ў тваёй жыццёвай пазіцыі хапае.
Хто ты па гараскопе?
– Я блізняты, і гэта, відаць, бачна – мяне многа. Да таго ж, я сама з
сабой размаўляю, пастаянна вяду дыялог.
– А дыялог са слухачом? Вельмі ж рэдка можна пачуць у дзяржаўных
медыях прадстаўнікоў беларускай рок-класікі. Дзейнічае славуты ліст
забароненых выканаўцаў – тых, хто наважваўся ўдзельнічаць у недзяржаўных
праектах і спяваць на апазіцыйных імпрэзах.
– Дзяржаўныя тэлепраекты ва ўсіх краінах прапагандысцкія і фальшывыя,
абслугоўваюць толькі паноўныя колы з іх інтарэсамі. Нават англійскі ВВС, хоць
мера свабоды і аб’ектыўнасці там вышэйшая.
А ў нас тым болей. Бо беларускага шоў-бізнесу як такога няма – рэдка
хто можа пражыць з канцэртаў ды продажу плытак. Насамрэч у нацыянальныя
культурныя праекты – самыя разнастайныя – у невялікіх краінах, дзе
бізнес-ініцыятывы немагчымыя з-за малой колькасці насельніцтва, як і ў
Беларусі, павінна ўкладаць сродкі дзяржава. Але беларуская дзяржава сёння
гэтага не робіць.
І які вынік – катастрафічна нізкая якасць праграм. І расчараваннем
робяцца перадачы нават вельмі патрэбныя, як апошні чатырохсерыйны цыкл пра
Касцюшку.
Дзяржава, нават калі яна будуецца не па «нацыянальнай», а так званай
«сацыяльнай» мадэлі, як, прыкладам у Францыі, законамі абараняе сваю
культуру, мову, традыцыі. Часам у нас робяцца неабходныя крокі ў гэтым
накірунку, як пастанова пра 75 працэнтаў беларускага вяшчання на FM-станцыях. Такія
законы ёсць паўсюль, у той жа Францыі. Але паўсюль яны накіраваны на абарону
сваёй мовы – бо ў Францыі ідзе пра франкамоўную песню. У нас жа пад
вызначэнне беларускай песні трапляе ўсялякая бяздарная творчасць
аранжыроўшчыкаў і псеўдакампазітараў, пераробленая расiйская і сусветная
папса і кампазіцыі, праспяваныя на кожнай, не толькі беларускай мове. І такім
чынам мы папулярызуем і падтрымліваем сваё? Абсурд.
Таму ў нашых умовах існавання спісаў дазволеных і недазволеных
выканаўцаў квота на 75 працэнтаў «беларускай» музыкі вельмі шкодная.
Так што ў творцаў зараз вялікая праблема – каб пачулі, убачылі,
прачыталі.
– А сярод розных плыняў творчасці як бы ты вызначыла сваё месца?
– Ведаеш, я люблю паэзію сучасных «вялікіх»: Бураўкіна, Някляева… Але
гэта вобразнасць не майго пакалення. Той жа Някляеў, некаторыя месцы паэмы
якога пра Чарнобыль мяне проста ўразілі як прарочыя, цалкам, здаецца мне,
застаўся ў межах эстэтыкі шасцідзесятнікаў, Еўтушэнкі. Мы ж стваралі інакш. У
нашым пакаленні нараджалася больш жорсткая, «сацыяльная» песня, якая клікала
да канкрэтнага дзеяння, як у Сокалава-Воюша. І мне падаецца, зараз, калі я выступаю
асабліва перад моладдзю, «каліноўцамі», што былі на плошчы пасля 19 сакавіка
2006 года, што маю музыку ўспрымаюць як гэткую прыгожую спеўную класіку. А
зноў запатрабаванай робіцца сацыяльная тэма. Для моладзі час паэтычных
рэфлексій скончыўся, як ён мусіць скончыцца і для палітыкаў. Хопіць «думаць»,
трэба дзейнічаць. Сама гісторыя патрабуе дзейнічаць, і патрабуе іншых песняў.
Але
я буду заставацца іншай. Я не прэтэндую на эстэтычную «вышэйшасць» таго
накірунку, які мне бліжэйшы. Але мне падаецца, што кожны творца больш
па-мастацку выяўляецца ў той сферы, дзе ён гучыць натуральна.
– Але ж гэта назаўсёды перадвызначае твой канцэртны лёс – цябе чакаюць
толькі камерныя залы.
– Так, я разумею гэта. Але, вандруючы па краіне, я ведаю, што не адна,
нас многа, такіх, хто адчувае і думае падобна да мяне. І не толькі ў Мiнску, але і ў
правінцыі. І я не баюся застацца самотнай. Калісьці добрая беларуская музыка
зноў выйдзе і на сцэну Палаца рэспублікі, і на тэлівізію, і гэта будзе
ўспрынята як натуральнае.
Дарэчы, на праваслаўныя Каляды мне выпала наведаць Іркуцк на
запрашэнне мясцовай беларускай суполкі, якое арганізаваў яе лідар Алег
Рудакоў. І гэта было незабыўнае ўражанне не толькі таму, што апошнія 20
гадоў, выязжаючы ў еўрапейскія краіны, я не наведвала Расію.
За кошт актыўнай працы суполкі там склаўся высокі імідж беларуса –
беларусам быць прэстыжна. Нашчадкі людзей, вывезеныя яшчэ за Сталыпіным,
прыгадваюць і аднаўляюць свае традыцыі і абрады, да беларусаў цягнуцца
палякі, літоўцы. І гэта было так дзіўна і цікава назіраць падчас двух маіх
канцэртаў – вялікага ў залі Дома акцёра і камернага на святкаванні Калядаў. Там
маладым людзям 20-22 гадоў так хочацца вылучацца сваёй «інакшасцю» на фоне
іншых насельнікаў шматнацыянальнай Сібіры. Яны імкнуцца паказваць сябе
прадстаўнікамі вялікай, багатай культурнай беларускай традыцыі.
– Вы разам з В.Корзунам займаецеся выдавецтвам і вярнулі беларускаму
чытачу самы знакаміты раман польскамоўнага беларускага пісьменніка,
авантурніка і кантрабандыста міжваенных часоў Сяргея Пясецкага «Запіскі
афіцэра Чырвонай арміі» – памфлет пра падзеі Другой сусветнай вайны ў
Беларусі. «Гісторыя аднаго немца. Успаміны 1914-1933» С.Хафнэра – гэта ўжо
аналіз умоваў выспявання нацыянал-сацыялізму ў Нямеччыне. А што чытае
Кася-выдавец у вольны час?
– Зараз у мяне «замежны» перыяд, захапілася французскай сучаснай
літаратурай. А апошні твор, які прачытала, належыць пяру Х.Картасара. Яшчэ
«Жарсці па Эвіце» Абеля Поссэ пра жонку аргентынскага дыктатара Перона. Чытанне
замежнай літаратуры выклікае ў мяне пачуцце таго, наколькі часам мала мы
ведаем навакольны свет. І наколькі перабольшваем свае праблемы, гаворачы пра
складанасці жыцця ва ўласнай краіне.
Я ніколі не чытала ніводнай кулінарнай кнігі,
апрача абсалютна шэдэўральнага твора – Пахлёбкіна «Тайны здоровой кухни», які
я ўсім раю. Там няма ніводнага рэцэпта, але патлумачана – што, як, чаму і ў
якой паслядоўнасці рабіць. З яе вынікае, што і да гатавання ежы трэба
ставіцца як да творчасці. Часам спалучаць неспалучальнае, рабіць тое, што
табе хочацца. На гэта трэба час, але я гэта люблю, вырабляючы розныя такія
«бздыкі», такую «джазавую кухню», бо выяўляць сябе можна ў розным.
– А чым выклікана тваё захапленне кіно?
– Гэта таксама спроба выказаць сябе новымі сродкамі, знайсці кантакт з
людзьмі. Хаця я ніколі не была чалавекам музычнай тусоўкі і ніколі не ўвайду
ў кіношную тусоўку. Я чалавек вонкавы, і мне таму лёгка пераходзіць да
новага.
У кіно застаецца праблема ацэнкі якасці, якая
заўсёды вырашалася дзіўным чынам. Раней пра тое, што добра, нам казалі з
Масквы. Зараз гэта вырашаецца на еўрапейскіх конкурсах альбо па прынцыпе –
калі фільм купілі (палякі, амерыканцы), то гэта добра. Умоваў аб’ектыўнай
ацэнкі нашая дзяржава не стварае, і ў гэтым я бачу яе падыход нават як
антынацыянальны. Усё, што сваё – кепскае.
– Хочаш сказаць, што дзяржаўны апарат дзейнічае на карысць нейкага
вонкавага боку?
– Ды не, ён дзейнічае нікаму не на карысць – ні расійцам, ні
амерыканцам, ні палякам. «Не даставайся ж ты, Беларусь, нікому!», дзейнічае,
каб сутыкнуць усіх з усімі.
– А як табе лёс самага гучнага конкурсу, Рок-каранацыі, апошняя дзея
якога адбылася 25 лютага 2007 года? Пераспяваная ў акустычным фармаце твая
ранняя кампазіцыя «Шостае падарожжа» увайшла там у пераможны кампакт-дыск у
намінацыі «Праект года», віншую!
– На імпрэзе я не была. Гэта ўжо зусім іншая каранацыя, не тая, якую
стварыў Міхал Анемпадыстаў, яе робяць ужо зусім іншыя людзі. Зала сабралася
поўная, бо зараз і пайсці няма куды, але потым цягам канцэрта мне званілі
людзі, якіх я сто гадоў не чула, пытаючыся: а дзе ж тыя выканаўцы, якіх яны
чакалі там сутрэць? Я усё ж такі лічу, што падчас дыктатуры немагчыма
праводзіць ніякіх конкурсаў. І нават гуляцца ў гэта не трэба. Гэта зноў
вяртае нас да пытання: як ставіцца да БТ, ці даносіць сваё праз ідэалагізаваныя
каналы? Я лічу, што зараз гэта проста немагчыма. І кожны мусіць трымацца
свайго.
Гутарыў
Аляксей ХАДЫКА
|