Так бачыць сваю дзейнасць малады палітык Зміцер Кухлей
Сярод маладых палітыкаў Беларусі добра вядомы дэпутат Мастоўскага раённага Савету Зміцер Кухлей. Яму 29 гадоў, жыве ў горадзе Масты, жанаты, мае дваіх дзяцей. Скончыў Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж, магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні. Працаваў настаўнікам англійскай мовы ў школе, цяпер — перакладчык аддзелу знешніх эканамічных сувязяў акцыянернага таварыства «Мастоўдрэў». Пастаянна выходзяць яго справаздачы «Разам», стала абнаўляецца сайт у Інтэрнэце (http://razam.net).
– Зміцер, адны толькі пратэстуюць, другіе спрабуюць нешта рабіць — як вы... А можа пазітывізм — не самая лепшая палітыка ў аўтарытарнай Беларусі?
– Мы з сябрамі распачалі ў Мастоўскім раёне грамадзянскую кампанію «Разам». Сутнасць яе ў тым, што сустракаемся з людзьмі, вывучаем іх думку і запатрабаванні. Потым спрабуем скіраваць грамадскія намаганні на вырашэнне нейкай, няхай і не глабальнай, але патрэбный людзям праблемы.
Да прыкладу: у сваёй дэпутацкай дзейнасці давялося вырашаць праблему атаплення шматкватэрнага дому. У халодную пару году значная частка кватэраў дому № 11 па вуліцы Будаўнікоў у Мастах не абагравалася належным чынам, у той час, калі ў астатніх кватэрах было надзвычай цёпла. Жыхары халодных кватэраў скардзіліся ў камунальныя службы, прасілі дадаць ім цяпла. Калі цяпло ім падавалася, пачыналася невыносная гарачыня ў цёплых кватэрах.
Гэткае становішча цягнулася гадоў каля пятнаццаці, пакуль нарэшце мы ўсе не аб’ядналі намаганні: людзі сабралі подпісы, а я як дэпутат звярнуўся у адпаведныя інстанцыі. Высветлілася, што праблема вырашаецца вельмі проста: пры будаўніцтве дома ў цеплалінію была ўвараная труба іншага дыяметру, чым той, якога вымагаў праект. Замена была зробленая за адзін дзень — праблема вырашылася адразу.
Пятнаццаць гадоў людзі жылі са сваёй праблемай кожны паасобку, хаця клопат гэты можна было вырашыць вельмі хутка — адно трэба было аб’яднацца ўсім разам. І такіх прыкладаў шмат.
Іншая справа, што людзі ахвотна дзеляцца набалелым, шчыра выкрываюць недахопы як у дзеяннях мясцовых уладаў, гэтак і ў беларускай палітычнай сістэме. Аднак на прапанову сумесна вырашыць пэўнае, нават не палітычнае, а звычайнае мясцовае побытавае пытанне часта адказваюць адмоваю.
Прычынаў гэткае супярэчнасці я бачу некалькі. Па-першае, вядома ж, людзі запалоханыя: яны адчуваюць уціск з боку чынавенства і начальства і, каб не патрапіць пад прэс, пазбягаюць актыўных дзеянняў.
Па-другое, у шматлікіх размовах з жыхарамі вёсак даводзіцца чуць недавер да дэпутатаў мясцовых Саветаў. Людзі наракаюць, што іх прадстаўнікі адразу ж пасля абрання знікаюць бяз знаку і да наступных выбараў пра іх нічога не чуваць. Выбаршчыкі цалкам не абазнаныя наконт дзейнасці свайго дэпутата, і ў іх адсутнічае вера ў тое, што абраны дэпутат можа якімсці чынам паўплываць на вырашэнне іх турботаў.
Па-трэцяе, часам адчуваецца насцярожанасць наконт прапановаў да дэмакратычных зменаў; гэта тлумачыцца тым, што людзі ня хочуць быць уцягнутымі ў чыесьці палітычныя гульні, што ўжо здаралася неаднойчы ў нашай сучаснай гісторыі. Зняверанасць — галоўная перашкода на шляху грамадскіх ініцыятывыў.
Пакаротцы ідэю нашай ініцыятывы «Разам» можна сфармуляваць наступным чынам: усе мы, жыхары свайго рэгіёну — і дэпутаты, і выбаршчыкі, і прадстаўнікі наменклатуры, — сутыкаемся з аднолькавымі праблемамі, якія можна плённа вырашыць на сваю карысць уласнымі сіламі, аб’яднаўшы намаганні.
– Размова, пэўна, ідзе пра самакіраванне? Але як яно можа суіснаваць побач з «вертыкаллю»?
– Аснова моцнай, развітай дэмакратычнай дзяржавы — народ, а асаблівасць дэмакратычнай ўлады ў тым, што яна здзяйсняецца ў інтарэсах народу. Іначай кажучы, у задачы дэмакратычнай дзяржавы ўваходзіць спрыянне развіццю творчых ініцыятываў грамадзянаў, самакіраванню, паколькі дэмакратычная дзяржава грунтуецца на гэтых творчых народных асновах.
Я памянуў станоўчыя вынікі нашай кампаніі «Разам». Ёсць проста ашаламляльныя прыклады плёну праз актыўнасць людзей, аб’яднаных агульнай мэтаю.
Вялікія плюсы мясцовай грамадзянскай ініцыятывы ў тым, што мы сумесна ствараем дабрабыт і гісторыю самі для сябе. Вось неяк да мяне звярнулася мастаўчанка Наталля Біліда з прапановаю абсталяваць у двары мікрараёна дзіцячую пляцоўку. Сабраліся з жыхарамі, вырашылі шукаць сродкі і працаваць самастойна. Наталля як каталічка прапанавала звярнуцца па дапамогу да касцёла, што мы і зрабілі. Нас уважліва выслухаў ксёндз Рычард, які пасля звярнуўся да прыхаджанаў з просьбай аб дапамозе. Працавалі ўсе разам у вольны час. У супольнай працы была запатрабаваная ініцыятыва кожнага чалавека — улічваліся парады нават зусім маленькіх дзяцей, якім бавіць час на пляцоўцы.
Гэтага немагчыма было б дасягнуць, калі б мы спадзяваліся выключна на камунальныя службы гораду. Хаця камунальшчыкі нам дапамагаюць: транспартам для падвозкі матэрыялаў, пафарбавалі арэлі, дзіцячы «паравозік», лавы.
– Новыя падыходы ў вырашэнні мясцовых справаў, відаць, вымагаюць нейкіх нестандартных крокаў?
– Я не скажу, што зварот да грамадзянскае ініцыятывы — гэта штосьці прынцыпова новае. Гэткая з’ява існавала і раней ды прыносіла свой плён. Проста раней падобныя ініцыятывы сутыкаліся з неверагоднымі цяжкасцямі.
Вось мы нядаўна на Мастоўшчыне грамадою ўшаноўвалі памяць нашага прынёманскага паэта з трагічным лёсам Міхася Явара. Традыцыя гэткага ўшанавання спачатку паўстала як прыватная ініцыятыва — праз рупнасць беларускага адраджэнца, настаўніка Гудзевіцкай сярэдняй школы Алеся Белакоза, які адшукаў магілу паэта, паставіў на ёй помнік ды прысвяціў Міхасю Явару экспазіцыю ў створаным самастойна музеі. А 17 гадоў таму дэпутаты мясцовага Савету ў Лунне Мастоўскага раёну вырашылі назваць імем Міхася Явара вуліцу, па якой хадзіў паэт. Нямала зроблена Алесем Мікалаевічам для нашых людзей і ў часе ягонага дэпутацтва ў Гродзенскім абласным Савеце народных дэпутатаў.
Зараз я шчыльна супрацоўнічаю яшчэ з адным былым дэпутатам Гродзенскага аблсавету Васілём Білідам, які стварае дамавы камітэт у Мастах. Думаю, гэты вопыт будзе запатрабаваны шмат дзе ў нашым горадзе.
Сёння ў нашым раёне ў гэтым накірунку мэтанакіравана, плённа, у шчыльным узаемадзеянні з людзьмі працуе дэпутат Лунненскага сельскага Савета Аляксандр Пудаўкін.
Што датычыцца мяне, дык за паўтара гады дзейнасці ў якасці дэпутата раённага Савета я падрыхтаваў і накіраваў у мясцовыя органы кіравання, самакіравання, дзяржкантролю, пракуратуры, Міністэрства ўнутраных справаў больш за шэсьдзесят запытаў, зваротаў, прапановаў. Усе яны ўзніклі пасля гутарак з нашымі людзьмі, і галоўная мэта гэтых зваротаў — паляпшэнне якасці жыцця грамадзянаў.
Гутарыў
Лявон ВАШКО