Все номера     Пишите нам
Пятница, 5 декабря 10:53 Поиск по сайту:
ВЕКТАР ЮРАСЯ ГУБАРЭВІЧА
"Товарищ", № 665 за 26 августа 2008 г.

Даведка: Юрась Губарэвіч нарадзіўся 23 лютага 1978 года ў горадзе Белаазёрску Брэсцкай вобласці ў сям’і інжынераў-будаўнікоў. Пасля сканчэння ў 1995 годзе школы паступіў на энэргетычны факультэт Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага інстытута, які потым стаў акадэміяй.

У 1996 годзе ўступіў у БНФ.

У 2003 годзе выбіраўся дэпутатам Белаазёрскага гарадскога Савета, быў намеснікам яго старшыні. У гэтым жа годзе атрымаў дыплом Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры прэзідэнце Украіны.

– Белаазёрск — малады горад, распавядае Юрась Губарэвіч. — Ён быў пабудаваны толькі ў сярэдзіне 60х гадоў мінулага стагоддзя на базе Бярозаўскай ГРЭС. Гэта і вызначыла выбар прафесіі, я стаў інжынерам-электрыкам. Яшчэ да гэтага цікавіўся дзейнасцю беларускіх нацыянальна-арынтаваных арганізацый, таму з першых дзён прабывання ў Мінску браў актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, у тым ліку і ў знакамітым Дні волі 1996 года, калі дэманстранты каля будынку БТ даволі жорстка сутыкнуліся з міліцыяй, і не менш знакамітым «Чарнобыльскім шляху». Дарэчы, у той акцыі прымала ўдзел хіба што ні дзве траціны маёй студэнцкай групы. Нават мой сябра з Белаазёрску быў арыштаваны і адсядзеў некалькі сутак.

Спачатку тая цікавасць да палітыкі не была ў межах нейкай структуры, а потым яна прывяла мяне на Ўправу БНФ. Паступова ўцягнуўся ў працу «Моладзевай фракцыі БНФ», якая потым стала падмуркам для стварэння «Маладога Фронту». Стаў адным з сябраў Аргкамітэту.

Акрамя гэтага цікавіўся і іншымі маладзёвымі арганізацыямі. Пазнаёміўся з хлапцамі і дзяўчатамі з Задзіночання беларускіх студэнтаў, Моладзевага інфармацыйнага цэнтру, якія на той перыяд былі даволі моцнымі арганізацыямі. У 1997-98 гадах удзельнічаў у стварэнні незалежнага студэнцкага прафсаюза «Салідарнасць». Са ўсёй Беларусі мы сабралі больш за 500 заяў і фактычна стварылі структуру, але ўжо тады ў грамадскіх арганізацыяў пачалі ўзнікаць праблемы з рэгістрацыяй, і ў выніку мы не змаглі яе адстаяць нават ў Вярхоўным судзе.

– І што было далей?

– Пасля заканчэння вучобы вярнуўся дамоў. Акрамя іншага, хацелася прадэманстраваць на ўласным досведзе, што займацца грамадскай дзейнасцю на перыферыі можна не горш, чым у Мінску. Справа ў тым, што і ў «Маладым Фронце», і ў Моладзевым інфармацыйным цэнтры я адказваў за сувязі з рэгіёнамі і неаднаразова чуў, як складана, амаль немагчыма, там працаваць.

У 2000 годзе практычна з нуля (у Балаазёрску было толькі некалькі актывістаў) мы стварылі грамадскую арганізацыю, якую назвалі Цэнтр рэгіянальнага супрацоўніцтва. І за некалькі гадоў развілі настолькі, што яна пачала арганізоўваць у горадзе грамадскія кампаніі і мерапрыемствы, выдаваць ўласную газету «Альтанка», якая існуе па сённяшні дзень. Выходзіць два разы на месяц. Незарэгістраваная, але трапляе ў кожную трэцюю белаазёрскую кватэру. Прычым, да тых людзей, якія самі выказалі жаданне яе атрымліваць. Дакладней кажучы, у Белаазёрску існуе сістэма альтэрнатыўнай падпіскі.

Праз шматлікія сацыяльныя мерапрыемствы мы прыцягнулі ў арганізацыю вялікую колькасць людзей — настаўнікаў, урачоў, інжынераў і ў увогуле ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай культурай.

– Помніцца, менавіта тады абіралі прэзідэнта?

– Пад час прэзідэнцкай кампаніі 2001 года ў рэгіёне атрымалася стварыць кааліцыю маладзёвых арганізацыяў і ініцыятыўных групаў, у якую ўвайшлі 23 суб’екты. Колькасць, якая зараз, на жаль, проста немагчыма, бо працэсы ў гэтым накірунку, як вядома, згортваюцца.

Самая вядомая наша акцыя насіла назву «Рух добрай волі», а выглядала яна як першая вандроўка ад Століна да Брэста. Маршрут больш за 330 кіламетраў, праз тэрыторыю шасці раёнаў, наведалі каля 60ці вёсак, з начоўкамі, ішлі больш за два тыдні. Мэта: па хадзе маршрута размаўляць з людзьмі, раздаваць пэўную інфармацыйную прадукцыю і прыцягваць ўвагу да выбараў, якія маюць адбыцца.

З 2001 па 2003 год я вывучаўся ў Львоўскай Акадэміі дзяржаўнага кіравання пры прэзідэнце Украіны.

– Кучмы?

– Так. Але сувязяў з Белаазёрскам не страчваў. Работа ўжо была арганізавана, наладжана. Тым не менш, кожны месяц на некалькі дзён я прыязджаў на радзіму. І непасрэдна ва ўсім удзельнічаў. Дарэчы, абараніўся за тры дні да выбараў і падышоў да іх ужо маючы дыплом магістра дзяржаўнага кіравання.

Падтрымка ў насельніцтва была даволі моцнай. На першым жа этапе выбараў (пазней яшчэ былі давыбары) мы атрымалі большасць месцаў і здолелі сфармаваць дэмакратычную структуру. З 13 абраных дэпутатаў Белаазёрскага гарадскога Савета 9 увайшло ў дэпутацкую групу «Ініцыятыва». Узначаліць яе прапанавалі мне. Быў таксама намеснікам старшыні гарадскога Савета дэпутатаў. Гэта найвышэйшая пасада, якая не ўзгадняецца з прадстаўнікамі прэзідэнцкай «вертыкалі». Канешне, былі ўсе магчымасці прэтэндаваць на тое, каб мець пасаду мэра горада, але ён аўтаматычна з’яўляецца кіраўнікам выканаўчай улады, таму атрымалі «прамы намёк», што ніколі кандыдатура нашага чалавека «вертыкаллю» зацверджана не будзе.

У выніку ў такой большасці мы прапрацавалі трошкі больш за паўгода, мелі шэраг дасягненняў. Напрыклад, правялі разам з жыхарамі кампанію за светлы горад, дзе сабралі подпісы каля паўтары тысяч чалавек. Тады, не глядзячы на тое, што Белаазёрск находзіцца побач з ГРЭС і яго называюць горадам энергетыкаў, ён быў у вячэрні час цалкам цёмным. Дзякуючы ціску людзей, улады былі вымушаны зрабіць рэканструкцыю і пабудаваць асвятленне.

Наладжвалі цесныя міжнародныя кантакты. Тое, што мы шмат працавалі з амбасадай ЗША і прыезд у Белаазёрск тагачаснага амерыканскага амбасадара Майкла Козака, дало магчымасць гарадской бальніцы атрымаць па праграме міжнароднай дапамогі вялікую партыю лекаў і медпрэпаратаў. Таму зусім нядаўна ў прэсе я наўмысна нагадаў, што не адмаўляюся ад гэтага кантакту, бо афіцыйныя зносіны ў Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі сёння, мякка кажучы, не самыя лепшыя.

Выйшлі на партнёрскія сувязі з літоўскім горадам Электранай, наладзілі кантакты з мэрыяй. Ён з’яўляецца абсалютным аналагам Белаазёрска. У свой час у Савецкім Саюзе існаваў праект пабудовы гідраэлектрастанцый і гарадоў-спадарожнікаў. Электранай, як і Белаазёрск, будаваўся абсалютна па такім жа прынцыпе і прыблізна ў той жа самы перыяд. Мелі некалькі візітаў, было дастаткова цікава паглядзець, як развіваецца літоўскі аналаг. Нагадаю, што Літва ў той час была напярэдадні ўступленні ў Еўразвяз, і там адбываліся абсалютна іншыя, чым у нас, працэсы.

Зразумела, усё гэта выклікала незадавальненне ўладаў. І не толькі мясцовых... Таму наша дзейнасць вельмі моцна абмяжоўвалася. Помніцца, калі мы ўжо маглі арганізаваць адказны візіт з боку літоўцаў, то мясцовыя ўлады яго проста заблакавалі.

Акрамя таго, была прынятае рашэнне аб правядзенні давыбараў, таму што не ўсе дэпутацкія вакансіі былі запоўнены. Прайшлі яны па «звычайнаму» сцэнару. Таму, які ўлада выкарыстоўвае на выбарах усіх узроўняў: поўная дыскрэдытацыя і абмежаванне правоў кандыдатаў ад апазіцыі, абсалютна непразрысты працэс працы выбарчай камісіі, немагчымасць назірання за хадой галасавання і падвядзення вынікаў ў закрытым рэжыме. Усё гэта забяспечыла ўладзе вяртанне кантролю над гарадскім Саветам. Тым не менш, мы яшчэ некалькі гадоў даволі плённа працавалі са сваімі выбаршчыкамі.

– Чаму Белаазёрск стаў выключэннем, бо ўлада ўжо тады жорстка кантралявала ўсю рэспубліку?

– Тут некалькі фактараў.

Першае і галоўнае. Нашы кандыдаты насамрэч былі дастаткова папулярныя сярод белаазёрскіх выбаршчыкам. У камандзе было 14 чалавек, і амаль усе ў змаганні з апанентамі ад улады атрымалі перамогу. Каб выбары адбываліся па сённяшняму сцэнару, правілах, калі дастаткова мець адносную большасць, а не 50 адсоткаў плюс адзін голас, то мы бы мелі ў гарсавеце стабільную большасць да канца кадэнцыі.

Паспрыяла і тое, што мы, напэўна, упершыню ў гісторыі горада выкарыстоўвалі такія элементы выбарчай кампаніі, як непасрэдная размова з выбарцамі — ад дзвярэй да дзвярэй.

– Пра гэта ў Мінску таксама шмат гаварылі, толькі эфект быў іншым...

– У Белаазёрску адбывалася ўсё рэальна. Кожны кандыдат сустрэўся амаль з усімі выбаршчыкамі. Гэта ніколі не рабілі кандыдаты ад улады. Толькі цяпер яны гэта ўзялі на ўзбраенне. Дастаткова цікава было бачыць, як даволі важныя па раённых мерках чыноўнікі (тыя ж дырэктары заводаў) размаўляюць з людзьмі каля пад’ездаў. Раней, падкрэсліваю, яны гэтага не рабілі, таму, натуральна, наш падыход падабаўся людзям, і рэальны працэнт падтрымкі быў даволі высокі. Без фальсіфікацый, мабыць, не абышлося, але яны зводзіліся толькі да заніжэння лічбаў і вяліся праз датэрміновае галасаванне. На мой погляд, тады не была выкарыстана брутальная падмена вынікаў, калі па новай перапісваюцца пратаколы. З большага тыя галасы, якія далі выбаршчыкі, былі падлічаны больш-менш рэальна. Таму і такі вынік.

І яшчэ. На Белаазёрск улады проста не звярнулі належнай увагі. Яны не думалі, што з боку дэмакратаў тут будзе нейкі прарыў.

Павінен таксама сказаць, што мы не надзялялі шмат часу крытыцы вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Гэта было асэнсаванае рашэнне, таму што падобнае ніяк не лажыцца на тыя праблемы, якія ўздымаюцца пад час мясцовых выбараў. Людзей больш цікавілі праблемы свайго двара, дома. Пра гэта мы з імі і размаўлялі.

З іншага боку, тых, хто гуртаваўся вакол мяне і нашай арганізацыі, ўсе ведалі і ведаюць як бээнэфаўцаў, апазіцыю. Мы гэтага не хаваем, да і схаваць падобнае немагчыма. Людзі ведалі, за каго галасуюць.

– Гэта было ў 2003 годзе. А як адбылася ў 2007м?

– Тады для ўсёй Беларусі выкарыстоўваўся звычайна «абкатаны» сцэнар. Колькасць нашых кандыдатаў улада зменшыла ў тры разы. Збіралі подпісы, размаўлялі з людзьмі, але вынікі, на маю думку, былі сфальсіфікаваны татальна. На гэты раз з нашых сябраў не выбралі нікога.

– У гэтай сувязі такое пытанне. Навошта ісці на выбары зараз, бо вынікі там могуць быць таксама сфальсіфікаванымі?

– Зразумела, што ў сённяшніх умовах у пратаколах не будзе адлюстравана сапраўдная воля выбаршчыкаў, галасы будуць скрадзенымі і вынікі фальсіфікаваны. Але выбары, гэта не толькі вынік і месца ў Палаце прадстаўнікоў. Выбары — гэта праца з людзьмі пад час самой выбарчай кампаніі. Працаваць трэба не толькі два-тры месяцы. Кампанія як бы канцэнтруе вынікі нейкіх ранейшых спраў. Гэта той момант, калі ў людзей прачынаецца нейкая большая ўвага да палітычных працэсаў. Можна колькі заўгодна крычаць і махаць сцягамі ў міжвыбарчы перыяд, людзям гэта менш цікава, чым пад час выбараў, калі яны пачынаюць прыглядацца да кандыдатаў, узгадваць, хто што зрабіў. Магчымасці камунікацый паміж апазіцыяй і выбаршчыкамі больш адкрытыя, і, я лічу, што гэта трэба выкарыстоўваць заўсёды.

Натуральна, без папярэдняй працы не будзе што сказаць, а з аднымі пустымі лозунгамі на выбары ісці цяжка і непатрэбна.

– А з чым да людзей ідзе Губарэвіч сёння?

– Абарона правоў людзей. Тут я не буду прыдумляць нічога новага, бо гэта тое, чым я займаюся на працягу апошніх дзесяці год. Мы рэгулярна праводзім апытанні грамадскай думкі, высвятляем тыя праблемы, якія цікавяць нашых выбаршчыкаў, і пачынаем кожную грамадскую кампанію менавіта з іх вырашэння. Можна тут заўважыць пэўнаю дынаміку. Калі мы праз год-два зноў праводзім апытанне, аказваецца, што тыя рэчы, якія былі актуальнымі раней, ужо на сёння тым ці іншым спосабам вырашаны. Часцей за ўсё выканаўчай уладай, бо за гэта чыноўнікі атрымліваюць грошы і для гэтага існуюць усялякія службы, як, напрыклад, ЖКГ. Гэта іх праца, але наша задача прымусіць ўладу гэтым займацца.

Скажам, вынікам актыўнасці белаазёрскіх выбаршчыкаў і ўсёй нашай дэпутацкай дзейнасці ў гарадскім Савеце стала тое, што была прынятая дзяржаўная праграма развіцця Белаазёрску да 2010 года, згодна з якой на развіццё інфраструктуры будзе выдзелена больш за 110 мільярдаў рублёў. Сумы суадносныя з тымі, што ўкладаюцца пад час «Дажынак» у гарады значна буйнейшыя за Белаазёрск.

Многія з выбаршчыкаў адкрыта кажуць: калі б мы вас не абралі і не ваша актыўнасць, калі б вы не прыцягнулі ўвагу да Белаазёрска цэнтральных уладаў (раз людзі галасуюць за апазіцыю, то значыць, яны чымсьці незадаволены), нічога б не адбылося. Як вядома, улада робіць усё, каб у апазіцыі не было поля для дзейнасці. Не ведаю, наколькі гэта так, але рацыя ў такіх разважаннях сапраўды ёсць. Зараз Белаазёрск ператвораны ў вялікую будаўнічаю пляцоўку. Мяняюцца ходнікі, рамантуецца асфальт, пашыраюцца вуліцы, фарбуюцца фасады, разбіваюцца клумбы. Мяняюцца дахі на дамах, бо раней было асноўнай праблемай тое, што яны працякалі. Зараз іх робяць шатровымі, з чарапіцы. Словам, адбываецца тое, пра што мы казалі на працягу тых год, калі былі дэпутатамі.

Сёння для Бярозаўскага раёну адной з самых важных праблем з’яўляецца праца хімічнага прадпрыемства пад назвай «Франдэса». На ім вырабляюцца ядахімікаты. Па афіцыйнай версіі, адзін з грамадзянаў Ізраілю ў гэта прадпрыемства ўклаў уласныя грошы, аднак некаторыя гавораць, што там магчыма простае вяртанне мясцовых капіталаў. Гэта, як кажуць, толькі здагадкі. Факт у тым, што прадпрыемства пабудавана ў самым цэнтры Бярозаўскага раёна, непадалёк ад самой Бярозы. Успамінаеце пра пухавіцкія пратэсты з нагоды будаўніцтва «Августбел»? Абсалютны аналаг.

У Бярозе жыве больш за 25 тысяч жыхароў, а калі браць суседнія вёскі, атрымаецца ўсе 30 тысяч. У двух кіламетрах ад «Франдэсы» цячэ рэчка Ясельда, а непадалёку Спораўскі экалагічны заказнік рэспубліканскага значэння. Само па сабе прадпрыемства шкоднае (аб гэтым сведчаць прадстаўнікі экалагічных арганізацый, да якіх мы звярталіся), пабудавана ў вельмі цікавым месцы, непадалёку ад воднай сістэмы і жылля людзей. Натуральна, што гэта вызывае абурэнне.

Пад час стварэння праекту і будаўніцтва не было шырокай грамадскай дыскусіі. Людзей паставілі перад фактам. Пра шкоду для здароўя людзі даведаліся толькі тады, калі прадпрыемства ўжо пачало працаваць. А месяц таму быў масавы мор рыбы на рэчцы Ясельда. Не ведаю, хто ў гэтым вінаваты, але ўзнікае шмат пытанняў...

Мы цікавіліся, як аналагічнае будаўніцтва ажыццяўляецца ў замежжы, і высветлілі, што звычайна яно адбываецца з такім разлікам, каб шкода была мінімальнай. Грамадства мае права кантраляваць яго дзейнасць. А тут усё наадварот.

Кампанія супрацьстаяння пачалася восенню мінулага года. Яна была стыхійнай, людзі самі сарганізаваліся, пачалі збіраць подпісы, звяртацца ў розныя міністэрствы і ведамствы, пісаць Лукашэнку і г.д. Звярнуліся за дапамогай да прадстаўнікоў БНФ.

Спасылаючыся на высновы аўтарытэтаў з Акадэміі навук, улады праблему банальна «забалталі». Дарэчы, пад час імітацыі абмеркавання праблемы ў абсалютнай бяспецы людзей імкнуліся пераканаць менавіта тыя вучоныя, якія ў свой час забаранілі будаўніцтва аналагічнага прадпрыемства каля Мінску. Мы знайшлі адпаведныя дакументы. Сумна вядомы «Августбел» спачатку планавалі будаваць каля Чыжоўкі і Серабранкі. Яго забаранілі па экалагічных матывах менавіта тыя людзі, якія... дазволілі будаваць у Бярозе. Двудушнасць беларускай улады і людзей, якія яе абслугоўваюць, відавочна.

– Існуе думка, што ўспрыняцце людзьмі жыцця ў сталіцы і на правінцыі рознае. Наколькі гэта так?

– Сёння я бы не стаў рабіць такую дыферэнцыяцыю. Нават калі браць 90е гады мінулага стагоддзя, то было відавочна, што Мінск жыве па-іншаму, чым рэгіёны. Сталіца амаль бурліла ад масавых акцый, а ў правінцыі ў Лукашэнкі была моцная падтрымка. Тады ён больш арыентаваўся на сельскіх жыхароў, пенсіянераў, малыя гарады. Вынікі ўсіх выбараў адрозніваліся кардынальна, на некалькі дзесяткаў адсоткаў. Цяпер, па вялікаму рахунку, усё зраўнялася. Мы бачым дастаткова нізкую палітычную актыўнасць у Мінску і дастаткова высокую ў рэгіёнах.

Вектар змяніўся цалкам. Стыхійныя мітынгі прадпрымальнікаў напрыканцы мінулага года (калі ціск на іх узмацняўся) у рэгіёнах былі даволі моцныя. Даходзіла да таго, што ў некаторых гарадах людзі хацелі перакрываць дарогі.

Сёння ад гэтай улады стомленасць аднолькавая. Як ў правінцыі, так і ў сталіцы. Адзінае, што Мінск, канешне, мае параўнальна большы доступ да СМІ.

Гутарыў

Аляксандр ТАМКОВІЧ

На форуме статья не обсуждалась

Комментарий:
Логин:
Пароль:
???? ??'??????? ????????????? ????? ???????????!
 Ещё новости раздела
Сергей Абразовский, первый секретарь Минского обкома ПКБ: Новые возможности и действительность
Дозированная свобода
Левыя партыі
Один в поле не воин
«Горизонталь»: процесс состоится 5 декабря
Представители ОДС положительно оценивают предложения Еврокомиссии об участии Беларуси в политике Восточного партнерства
ОДС предлагают властям выбор
«О делах давно минувших дней»
ОДС проводят мониторинг
Демократы в поисках своего лорда Белла
Виктор Корнеенко: Инициатива нужная, но очень плохо выполняется
Андрей Попов: Мы заинтересованы в расширенном сотрудничестве с ЕС
Сергей Мартынов направляется в Хельсинки
Александр Лукашенко утвердил план подготовки законопроектов