Над горадам, які ў Беларусі найбольш захаваў сваю гістарычную адметнасць, навісла пагроза так званай «рэканструкцыі». Насамрэч гарадскія ўлады збіраюцца знішчыць больш за 70 будынкаў XVIII-пачатку XX стагоддзяў.
Ламаць — не будаваць…
Трэба заўважыць, што рэканструкцыя, як называе свае дзеянні адміністрацыя Гродна, пачалася ўвесну 2005 году. За гэты час з мапы гораду зніклі больш за 20 будынкаў XIX-пачатку XX стагоддзяў, знішчана гістарычная планіроўка Савецкай плошчы, знішчаны архітэктурныя пласты XV-XIX стагоддзяў. Але ж тады гарадзенскай грамадскасці ўдалося атрымаць, хай і невялікія, але ж перамогі, якія даюць надзею, што з Гродна ня зробяць яшчэ адзін «упорядоченный» горад, як дзве кроплі вады падобны на ўсе астатнія беларускія гарады.
«У выніку рэканструкцыі спілавалі ўсе дрэвы на плошчы, больш за сотню... Па ўсёй плошчы — плітка... Але, калі ўлады сабраліся зрабіць падземны пераход, парушыўшы падмурак флігеля палаца Радзівілаў XVIII стагоддзя, маладыя актывісты ляглі пад коўш экскаватара. Уладам прыйшлося перапланаваць выхады пераходу», — кажа гісторык Андрэй Вашкевіч.
Пры гэтым, паводле Вашкевіча, грамадскасць не аднойчы прапаноўвала супрацоўніцтва ўладам у вырашэнні гарадскіх праблем без руйнавання гістарычнай спадчыны, напрыклад Старога маста. Так, у Гродна існуе вялікая транспартная праблема. Ёсць альтэрнатыўны праект, але ж улады настойваюць на сваім, які, упэўненыя ў Гродна, выклікае транспартны апакаліпсіс.
Ёсць небяспека і для флігеля палаца ляснога адміністратара, помніка другой катэгорыі XVIII стагоддзя. «Гэта адзіная канюшня, якая захавалася ў Беларусі з таго часу. Будынак, які ў найбольшай ступені адлюстроўвае першапачатковыя рысы тагачаснай архітэктуры... Яго збіраюцца развальваць», — распавядае Андрэй Вашкевіч.
Афіцыйнае Гродна таксама замахнулася на цэлы квартал будынкаў XIX-пачатку XX стагоддзяў, так званы «Новы Свет». Безумоўна, без гэтага кварталу Гродна страціць непаўторны каларыт, а нашчадкі не змогуць уявіць, як калісці выглядаў гэты горад. Але гэта не стрымлівае чыноўнікаў. 19 красавіка гэтага году Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры фактычна ўхваліла разбурэнне значнай часткі гістарычнага цэнтра Гродна. Гэта паседжанне ў Гродна ўжо трапна назвалі «навукова-метадычнай здрадай». У планах гарадзенскага начальства на бліжэйшыя гады знішчэнне ўсяго «Новага Свету» паміж вуліцамі Горкага — Міцкевіча — 17 верасня — Дзяржынскага — Астроўскага і забудова раёна кварталамі дамоў для «новых беларусаў»; знос шэрагу будынкаў і выхалошчванне кварталу Тэльмана — Гараднічанская — Калючынская — Кірава; фактычны знос правага флігеля палаца адміністратара XVIII стагоддзя; фактычнае руйнаванне ўнікальнага для Беларусі і Гродна будынка ў стылі мадэрн па вул. Сацыялістычная, 44.
«Российские ребята…»
Гарадскія ўлады ўвесь час гавораць пра нейкіх таямнічых інвестараў, але хто яны — нікому пакуль невядома. Як кажуць у Гродна, адзінае, што было сказана пра інвестараў на паседжанні галоўным архітэктарам гораду Анісімавым: на вызваленую зямлю ўжо ёсць пакупнікі з Мінску, зацікавіліся ёй і «российские ребята». Для ўсіх гэтых «ребят» збіраюцца знесці каля 70 (!) будынкаў. А будынкі, як заўважыў А.Вашкевіч, «абсалютна ўнікальныя ва ўсіх адносінах». «Фантастычнае месца. Мадэрн, канструктывізм 20-30 гадоў, неабарока», — кажа ён. Некалькі дамоў ужо знесеныя. Калі грамадскасць краіны будзе і надалей маўчаць, то праз вельмі невялікі час мы больш не ўбачым сапраўднага Гродна.
Грамадскасць Гродна ўжо пачала дзейнічаць. 3 мая прадстаўнікі інтэлігенцыі гораду абвесцілі аб пачатку стварэння ініцыятыўнай групы па арганізацыі гарадскога рэферэндума.
Бульдозеры супраць моладзі
Ініцыятарамі рэферэндуму выступілі дактары гістарычных навук Алесь Смалянчук і Аляксандр Краўцэвіч, мастакі Алесь Сураў і Уладзімір Кіслы, гісторыкі Сяргей Салей і Андрэй Вашкевіч, каваль-рэстаўратар Юрась Мацко, заснавальнік і ганаровы старшыня ГА «Саюз палякаў у Беларусі» Тадэвуш Гавін, старшыня Гродзенскага ГА «Цівіне» Альгіс Дзіргінчус, дэпутат Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў 2003-2007 гг. Сяргей Кузьмянок, журналісты Наталля Макушына, Алесь Залеўскі і Павел Мажэйка.
Са свайго боку да кампаніі па выратаванню Гродна далучыліся старшыня Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў Аляксандр Мілінкевіч, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя i камунiсты.
Моладзь арганізавала дзяжурствы каля будынкаў, якія збіраюцца зносіць. Адбыўся і першы інцыдэнт з уладамі. Краязнаўцы з таварыства «Этна» ўбачылі бульдозер каля будынка сінагогі і патэлефанавалі ў міліцыю, каб зафіксаваць факт парушэння заканадаўства пры земляных работах у ахоўнай зоне. Моладзь стала на шляху бульдозера, але міліцыя пачала затрыманні, за якімі, дарэчы, назіраў мэр Гродна Аляксандр Антоненка.
Як распавёў «Товарищу» адзін з сяброў ініцыятыўнай групы Павел Мажэйка, галоўнай задачай цяпер з’яўляецца максімальнае інфармаванне грамадскасці як Гродна, так і краіны ўвогуле аб сітуацыі ў горадзе. Ужо па ўсім Гродна відаць налепкі з заклікам спыніць знішчэнне старой часткі гораду.
У бліжэйшыя дні распачнецца кампанія «Музыкі супраць разбурэння Горадні». Ужо ёсць дамовы аб канцэртах у падтрымку ініцыятывы па ратаванню гістарычнай спадчыны з музыкамі Віктарам Шалкевічам і Касяй Камоцкай, да іх, спадзяецца П.Мажэйка, далучацца і астатнія неабыякавыя творцы.
Плануецца зварот да беларускіх дыяспар у розных краінах свету, міжнароднай супольнасці, флэш-мобы, прэс-канферэнцыя А.Мілінкевіча і беларускіх гісторыкаў у Варшаве, цікавасць да падзей у Гродна праявілі міністры культуры краін Еўрасаюзу, паведаміў П.Мажэйка. Акрамя таго, па ўсёй краіне пачнецца збор подпісаў пад лістамі да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, у Камітэт дзяржкантролю (наконт таго, хто ўсё ж з’яўляецца будучымі інвестарамі, ці праводзіўся які-небудзь тэндэр).
«Улада апошнія дзён дзесяць не рэагуе на дзейнасць ініцыятыўнай групы. Гэта можа значыць, што пытанне выходзіць на новы ўзровень, альбо ўлады рыхтуюцца да нейкіх дзеянняў, магчыма і рэпрэсіўных», — кажа П.Мажэйка. Паводле яго слоў, дзеля таго, каб ініцыяваць рэферэндум, групе трэба сабраць 20-25 тыс. подпісаў выбаршчыкаў Гродна. Гэта падаецца цалкам магчымым, калі, зразумела, не пачнуцца сур’ёзныя перашкоды з боку ўладаў.
І апошняя навіна з кампаніі: 14 мая з адкрытым заваротам да гарадскіх уладаў і грамадскасці гораду звярнуліся выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта — дацэнты Анатоль Брусевіч і Ала Петрушкевіч, а таксама старэйшая выкладчыца ГрДзУ Святлана Тарасава. Яны адзначаюць, што пад выглядам рэканструкцыі горада «адбываецца фактычнае знішчэнне непаўторных па сваіх асаблівасцях будынкаў і помнікаў архітэктуры, змяняецца гістарычнае аблічча Гродна, знікае яго самабытны каларыт». У мінулым Гродна, нагадваюць выкладчыкі, дастаткова падобных ганебных спраў: знішчэнне Фары Вітаўта, гістарычнага будынку чыгуначнага вакзалу. Выкладчыкі заклікаюць улады «спыніць бяздумныя дзеянні па так званай рэканструкцыі Гродна».
Тое, што зараз адбываецца ў адным з самых старажытных гарадоў Беларусі, з’яўляецца сур’ёзным экзаменам для ўсёй грамадскасці краіны. Перад пагрозай ліквідацыі гістарычнай спадчыны Беларусі варта забыцца на спрэчкі і непаразуменні ў апазыцыі і разам супрацьстаяць чарговым дзікім планам чыноўнікаў-манкуртаў. Бо народ без гістарычнай памяці і годнасці — не народ, а насельніцтва, якім так лёгка маніпуляваць. Пасля ліквідацыі старога Гродна ў Беларусі не застанецца больш горада, якім можна ганарыцца. А паўсюдна будзе «упорядоченный» лубок кшталту Траецкага прадмесця. Застанецца толькі наведваць Вільнюс, Кракаў ды Прагу, каб здзіўляцца: жывуць жа людзі...
Генадзь САПЕЖЫНСКI,спецкар «Товарища»