На мінулых выходных у Мінску адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання — «Калекцыйная спадчына Вялікага Княства». Дакладней, было нават дзве прэзентацыі: першая прайшла 25 лістапада ў сталічнай галерэі «Падземка», другая — 29 лістапада ў адной з рэстарацыяў Мінска.
Цікава, што кнігу з падзагалоўкам «Мапы. Гравюры. Манеты. Пячаткі» стварылі не прафесійныя гісторыкі ці археолагі, а людзі самых розных прафесіяў, якіх аб’яднала асабістае захапленне спадчынай некалі вялікай дзяржавы, куды ўваходзіла і тэрыторыя цяперашняй Беларусі.
Але не толькі гэта зрабіла выданне выбітнай з’явай на беларускім кніжным рынку. Напрыклад, каб пералічыць кнігі пра манеты ВКЛ, выдадзеныя ў Беларусі, хопіць і пальцаў адной рукі. А тут — яшчэ і мапы, гравюры, пячаткі. Некаторыя мапы ўвогуле апублікаваныя ўпершыню ў Беларусі.
Як распавёў «Товарищу» адзін з ініцыятараў стварэння гэтай кнігі Зміцер Гулецкі, напачатку ідэя абмяркоўвалася на беларускім нумізматычным партале «ІЗРОЙ». Потым сталыя ўдзельнікі дыскусіі прыйшлі да высновы: трэба выдаваць паўнавартасную кнігу. Ад гэтага моманту да выхаду кнігі ў свет прайшоў год.
Адзначым, што кніга цалкам створана на ўласныя сродкі аўтараў — Зміцера Гулецкага, Рамана Галоўчанкі, Аляксандра Грамыкі, Юрыя Дзянісенкі, Аляксандра Крываручкі, Стэфана Лака, Руслана Равякі і Усевалада Юргенсона.
«Калекцыйная спадчына Вялікага Княства» выдадзена на якаснай паперы і багата аздобленая ілюстрацыямі, яе можна назваць сапраўдным альбомам, які будзе цікавы не толькі адмыслоўцам і калекцыянерам, але кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй сваёй краіны.
Кніга, што выйшла ў выдавецтве «Логвінаў», мае наклад у 500 асобнікаў. На першы погляд, гэта занадта мала для 10мільённай краіны. Але, як кажа Гулецкі, на дадзены момант «500 асбонікаў для Беларусі — гэта даволі нармальная лічба, бо не размятаецца ў нас такая літаратура, як можна было б падумаць».
Пакуль выданне рэалізоўвалася праз партал «ІЗРОЙ» і на прэзентацыях, але хутка кніга з’явіцца ў мінскіх кнігарнях і інтэрнэт-крамах.
Адзначым, што аўтары «Калекцыйнай спадчыны Вялікага Княства» даволі крэатыўна падыйшлі да прэзентацыі сваёй працы шырокай публіцы. Кожны з пакупнікоў кнігі атрымаў сапраўдную манету ВКЛ у падарунак.
Што да планаў на будучыню, то Зміцер Гулецкі падкрэсліў, што на гэтым выданні «ІЗРОЙ» спыняцца не збіраецца. «Мяркую, па тых жа мапах будуць яшчэ выданні. Бо ёсць аўтары, якія хацелі б больш разгорнута напісаць пра тое, што ў гэтай кнізе было асветлена не да канца. Таму, калі зберацца дастаткова матэрыялу, будзе, хутчэй за ўсё, асобная кніга па мапах і гравюрах», — зазначыў ён. Гулецкі дадаў, што «калі б была, напрыклад, цікавасць і дапамога дзяржавы, то ёсць сэнс выдаваць асобную кніжку па кожнай гэтай тэме — мапы, гравюры, манеты і пячаткі».
На думку ж Аляксандры Дынько, якая прадстаўляла на прэзентацыі выдавецтва «Логвінаў», аднаго накладу для кніг такога кшталту недастаткова, і, верагодна, у будучыні «Калекцыйная спадчына Вялікага Княства» выйдзе другім выданнем.
Мікола СІДАРЭВІЧ.
Мінск