Час ад часу ў нашай пошце сустракаюцца лісты, у якіх закранаецца тэма, цікавая для тых мільёнаў беларусаў, якія на пачатку 90-х гадоў атрымалі ад дзяржавы прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”. Многія паспрабавалі (а многія яшчэ зьбіраюцца спрабаваць) укласьці гэтыя паперы ў якую-небудзь прыбытковую справу. Што з гэтага можа атрымацца? Вось досьвед нашага даўняга сябра Ільлі Копыла зь Менску.
“Калі дзяржава папярэдзіла, што чэкі будуць дзейнічаць толькі да канца 2003 году, я пасьпяшаўся іх укласьці туды, куды прапаноўваў “Беларусбанк”. У выніку за свае 262 чэкі мы набылі акцыі некалькіх прадпрыемстваў – “Мінскпраектмэблі”, Мінскага домабудаўнічага камбінату, “Спэцрадыёналадкі” і “Мінскгрузаўтатранса”.
І вось у лютым 2006 году “Мінскпраектмэбля” пералічыла нам дывідэнды: за два гады 25 акцый (100 чэкаў) прынесьлі мне аж 720 рублёў (30 амэрыканскіх цэнтаў). Такую абразьлівую суму я атрымліваць адмовіўся.
А 13 красавіка я атрымаў яшчэ больш абразьлівую суму. Гэтым разам грашовы перавод на 340 рублёў мне даслалі з “Мінскгрузаўтатранса”. Гэта прыбытак за тры з паловай гады за 62 мае акцыі. За такія грошы нават у трамваі не праедзеш. Атрымліваць іх я зноў адмовіўся.
На Камароўскім рынку ў мяне ёсьць знаёмы бомж. Прывітаўшыся, ён звычайна зьвяртаецца да мяне з адной і той жа просьбай: “Ільля Піліпавіч, дай тысячу”. Мне сорамна даваць адну тысячу: што за яе купіш? Таму даю ад 5 да 10 тысяч. Ведаю, гарэлку ён ня п’е, грошы пойдуць на хлеб... Мне сорамна, а вось дзяржаве чамусьці не...”.
Чэкавая прыватызацыя ў Беларусі задумвалася на пачатку 90-х гадоў паводле прыкладу Расеі і краін Усходняй Эўропы дзеля таго, каб больш-менш справядліва падзяліць дзяржаўную ўласнасьць, якую меркавалася перадаць у прыватныя рукі. І хоць у той жа Расеі чэкавую прыватызацыю многія называюць грабежніцкай і падманнай, але тыя расейскія грамадзяне, якія за свае чэкі набылі акцыі, напрыклад, “Газпрому” альбо “Роснефті”, сёньня атрымліваюць дывідэнды, што вымяраюцца тысячамі і дзесяткамі тысяч даляраў.
У Беларусі ўлады вырашылі па-іншаму: акцыі ўсіх высокарэнтабельных прадпрыемстваў дазволілі набываць толькі за “жывыя” грошы, а пад чэкавую прыватызацыю пусьцілі тыя прадпрыемствы, жыцьцё на якіх ледзь цепліцца. І тое, што прыбыткі даверлівых грамадзянаў будуць вымярацца зьдзеклівымі сумамі, для адказных чыноўнікаў нечаканасьцю не было.
Іншая справа, што большасьць уладальнікаў чэкаў у падмане ўдзельнічаць не пажадала і дагэтуль, нягледзячы на пагрозу ўлады ўвогуле спыніць чэкавую прыватызацыю, чэкі трымае пры сабе. Урад настойвае, каб Палата прадстаўнікоў прыняла рашэньне ануляваць нявыкарыстаныя чэкі бяз выплаты іх уладальнікам кампэнсацыяў, гарантаваных законам на пачатку 90-х гадоў. Але дэпутаты ўвесь час адмаўляюцца гэта рабіць, справядліва мяркуючы, што ў гэтым выпадку ўся адказнасьць за чарговую грандыёзную аферу і падман народа будзе ўскладзена на іх. Не цяпер, дык у будучыні.