Все номера     Пишите нам
Суббота, 11 октября 22:11 Поиск по сайту:
...І ЎЗЫХОДЗІЦЬ СОНЦА
"Товарищ", № 593 за 22 марта 2007 г.

Зусім немудрагелістая сячкарня

На мове турэмных вязняў «месяцам» завецца цьмяная лямпачка, якая гарыць усю ноч у закратаваным паглыбленні камернай сцяны. Гэты атрыбут арыштанцкага побыту з’явіўся ў маім жыцці роўна год таму. Разам з барадой, якую дагэтуль нашу як напамінак аб не горшых у маей біяграфіі пятнаццаці сутках, праведзеных у акрэсцінскім «бамжатніку» ў кампаніі, калі верыць дзяржаўным СМІ, з «адмарозкамі», «наркаманамі», «п’яніцамі» і «гультаямі».

У маей камеры № 4 іх складалі: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, галоўны рэжысёр культавага тэатра «Вольная сцэна» Валер Мазынскі, кандыдат фізіка-матэматычных навук і стары змагар за нацыянальную ідэю Сяргей Міхноў, адзін з лідэраў абяднанай дэмакратычнай апазіцыі Анатоль Лябедзька і светлатварыя хлопцы з розных гарадоў і мястэчак Беларусі.

Трапіў я ў іх гурт не з-за д’ябла ў рабрыну, які іншы раз прыводзіць на акрэсцінскія нары сівых і лысых блазнаў майго ўзросту, а за куды больш недаравальнае злачынства. «Выгукваў антысавецкія лозунгі супраць нашага шаноўнага Прэзідэнта «жыве Беларусь.» Стомлены хлапчына-следчы, які, відаць, папярэдне ўжо не чытаў сяржанцкую пісаніну з-за мноства затрыманых у тую ноч на сталічнай Кастрычніцкай плошчы людзей, толькі безнадзейна ўздыхнуў. Маўляў, дзе ж набярэшся выпускнікоў Кембрыджа ў мінскую міліцыю!

Той рапарт потым быў больш граматычна і палітычна пісьменна перапісаны і паслужыў неабвержным доказам, па якому мне адмералі ў судзе вышэйшую меру пакарання паводле тагачаснага Адміністрацыйнага кодэксу. Асабіста я ведаю за што: прывез з жонкай уначы мех цеплых рэчаў у наметавы гарадок імя Кастуся Каліноўскага, які толькі што стварыла моладзь у цэнтры сталіцы. На выхадзе з таксоўкі нас і ўхапіў за плечукі амапавец. Аднак суддзю гэтая акалічнасць не вельмі зацікавіла, бо за язду ў таксоўцы з мехам «вышэйшую меру» не прыпаяеш нават па цяперашніх беларускіх законах. Але не прыпаяеш ты — прыпаяюць табе...

Карацей кажучы, насмерць перапуджаная шматтысячнымі выступамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў улада тады не зважала на такую драбязу, як хаця б імітацыя законнасці. Хапалі адны, везлі ў пастарунак другія, пісалі рапарты і выступалі сведкамі ў судзе трэція, суткі давалі чацвертыя. Сячкарня працавала без мудрагелістых варыянтаў. І мой шлях у яе нетрах быў такі ж, як ва ўсіх, хто патрапіў у якасці біямасы на той карніцкі канвеер.

Пра яго дзейнасць ўжо складзены дэталевы калектыўны аповед, у якім есць і мае радкі. Таму няма сэнсу псаваць сабе настрой, а чытачам вочы доўгімі ўспамінамі аб перажытым яшчэ раз. Падаецца мне, што праз год пасля тых памятных падзей куды больш актуальна падзяліцца перадуманым. Там, пад цьмяным акрэсцінскім «месяцам», разам з разумнымі субяседнікамі, сярод якіх былі адмыслоўцы рознага кшталту — палітыкі і бізнесоўцы, інжынеры і мастакі, сацыелаг і гісторык, філолаг і юрыст, повар і спартовец... Турма спрыяе філасофскім роздумам, на якія ў мітусні жыцця на волі нестае імпэту і часу. Так бы мовіць, пятнаццаць сутак дэфіцытнага стану, які трэба цаніць. І мы цанілі.

Адчуванне спыненага часу

Мае сукамернікі былі крыху рамантыкамі. Але каго не было сярод іх, дык гэта экзальтаваных і наіўных людзей. Памятаю, мяне тады вельмі ўразіла цвярозая ўпэўненасць кожнага з іх, што нягледзячы на выхад на плошчу 19 і 20 сакавіка дзесяткаў тысяч людзей, шанцаў на паўтор кіеўскага майдану ў Мінску не было. Наступствы Дня волі, калі, кажуць, на вуліцы вываліла яшчэ болей народу, мы, вядома ж, ацаніць з-за кратаў магчымасці не мелі.

Я таксама прытрымліваўся думкі, што час пераменаў у нашай краіне яшчэ не надыйшоў. Як і мае суразмоўцы, аргументы знаходзіў у сферы сваей дзейнасці, гэта значыць, у эканамічнай інфармацыі. Перад прэзідэнцкімі выбарамі Масква захавала для Беларусі сімвалічны кошт на газ. Спраўна працаваў і нафтавы афшор, куды нашчамілася шмат расійскіх алігархаў і проста буйных канцэрнаў са сваім «чорным золатам». Між тым, цэны на бензін і салярку ў Еўропе лезлі ўгару. Год абяцаў быць багатым. Што, урэшце, і адбылося. Такога паспяховага для Беларусі года, як мінулы, раней не было і, мусіць, доўга не будзе. А калі зарплаты і пенсіі растуць, калі людзі праядаюць не ўсе і заводзяць дэпазіты ў банках, купляюць машыны і цікавяцца набыццем рэчаў у растэрміноўку, дык хто і чаго пойдзе бунтаваць? Хіба патлумачыш кожнаму, што энергарэсурсы — чужыя і штучна танныя, што структура экспарту — небяспечная... Не зразумеюць ды і слухаць не будуць. І крыўдзіцца за гэта на народ можна з гэткім жа поспехам, як на рэчку Свіслач, што быццам бы не туды цячэ.

Да вывадаў такога ж кшталту прыходзілі са сваіх прафесійных пазіцый і мае сукамернікі. А нядаўна патрапіла ў рукі кніга пад рэдакцыяй вядомага сацыелага прафесара Алега Манаева «Президентские выборы в Беларуси: от ограниченной демократии к неограниченному авторитаризму (19942006)». У ей змяшчаюцца дадзеныя маніторынгу, які праводзіць Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Паводле апытанняў насельніцтва выходзіць, што летась узровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі электаратам быў найвышэйшы за апошнія дзевяць гадоў. У жніўні 55 працэнтаў выбаршчыкаў за яго прагаласавалі б ізноў. Гэта, вядома, не 83 працэнты, абвешчаныя ў сакавіку Цэнтральнай выбарчай камісіяй, але ўсе ж бясспрэчная бальшыня. Прычым амаль траціна прыхільнікаў «усенародна абранага» адзначылі паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча. Выходзіць, мы не памыляліся ў высновах сваіх «мазгавых штурмаў» пад акрэсцінскім «месяцам».

Прадбачу пытанне: калі такія разумныя, дык чаго пацягліся на плошчу, ствараючы біямасу для сячкарні? Мазахісты, ці што...

Такіх на Акрэсціна я таксама не сустракаў. Ды і 3050 тысяч (а менавіта столькі народу выходзіла год назад на Кастрычніцкую плошчу і вуліцы Мінска) — занадта высокая канцэнтрацыя для мазахістаў у адным месцы. Вядома, у кожнага, хто нёс тады пратэст са сваей кухні вонкі, былі для гэтага ўласныя прычыны. У мяне — таксама.

Ці заўважалі вы, што для дзейнасці і бяздзейнасці розныя людзі выбіраюць адны і тыя ж аргументы? У хуткім часе пасля маёй адсідкі ў «бамжатніку» мне вырашыў патэлефанаваць даўні знаёмы. Каб чамусьці пакаяцца. — Ты вось пайшоў з жонкай на плошчу, а я не адважыўся. У мяне ж дзеці...

Ну, не пайшоў, дык і не пайшоў. Як напісана ў старой і мудрай кнізе, «не судзіце...»

Што ж датычна мяне з жонкай, дык год назад мы пайшлі на плошчу менавіта па той жа прычыне, якая ўтрымала майго знаёмага пад цеплым пледам на канапе: у нас дзеці! Дакладней кажучы, 17гадовы сын. Наш немалады ўжо век мо і можна як-небудзь дажыць у заімшэлым патэрналісцкім грамадстве, на чале якога — усемагутны «бацька нацыі». Але як існаваць у ім хлопцу і тысячам такіх, як ён, калі воля і дэмакратыя для іх — не нейкія далёкія паняцці, а абавязковая ўмова паўнавартаснага жыцця? Калі прэзідэнт для іх — усяго толькі менеджер, наняты грамадствам на пэўны тэрмін для кіраўніцтва дзяржавай і грамадству ж падпарадкаваны. Калі нічога не зменіцца ў краіне, такую моладзь таксама хутка залічаць у «адмарозкі». Дарма, што так як яна, думае ўвесь цывілізаваны свет. Сказана ж: «Я за цывілізаваным светам народ не павяду»...

19 сакавіка мінулага года на Кастрычніцкай плошчы сталіцы я сустрэў ледзь не ўсіх знаемых менеджэраў і праграмістаў з вялікага офіснага будынку, дзе тады працаваў. Назаўтра касяком пайшла моладзь з вучнеўскімі і студэнцкімі плецакамі. Мусіць, патрапілі на Пляц Волі прама з урокаў і лекцыяў. То нагадвала ўладзе аб сваім існаванні кампутарнае пакаленне. Яго таксама вывела на плошчу адчуванне спыненага ў цяперашняй Беларусі часу, разуменне, што моладзі і дзецям няма вартага месца ў сваей краіне.

Цяпер імкліва разыходзіцца па руках, а дакладней, па персанальных кампутарах дакументальны фільм Юрыя Хашчавацкага «Плошча«пра мінскія падзеі гадавой даўніны. Пільная кінакамера майстра занатавала і сучасных юнакоў, і дзяўчат у наметах Пляца Волі імя Кастуся Каліноўскага, і злосных цетак, якія, відаць, шчыра лічаць, што так, як яны жывуць, павінны жыць і іх дзеці і ўнукі. Гэта супрацьстаянне ў нашай Айчыне двух цывілізацый — старой і новай. Старая пакуль больш шматлікая. Новая — растучая і маладая.

Год назад яна з’ядналася, вырвалася з палітычнага гета і рашуча заявіла пра сябе.

Пуга і пернік

Хутка зноў Дзень Волі. Пішучы гэтыя радкі, я яшчэ не ведаю, ці запрацуе зноў старая сячкарня, ці запоўніцца ў чарговы раз акрэсцінскі «бамжатнік» сівымі інтэлігентамі і скрываўленымі маладзенамі, ці пойдуць гуляць па галовах і спінах дэманстрантаў гумавыя дручкі міліцыянтаў, як тое было год назад. Не ведаю я сення і колькі будзе саміх дэманстрантаў на плошчах і вуліцах Мінска і іншых беларускіх гарадоў. Ведаю адно: колькі б іх ні было, доўгачаканыя перамены прыйдуць у нашу краіну не сёлета. Бо яшчэ не спажыты тлушч, нагадаваны ў мінулыя гады за кошт амаль дармавых энергарэсурсаў, атрыманых у абмен на абяцанні вечнай славянскай любові і дружбы.

Але перамены абавязкова прыйдуць. У згаданай ужо кнізе пад рэдакцыяй прафесара А.Манаева ўтрымліваюцца пераканаўчыя доказы, што электарат у А.Лукашэнкі хоць дагэтуль шматлікі, але ўжо якасна іншы, чым дванаццаць год назад, калі былы дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раена рабіў першыя крокі па колкаму ржышчу прэзідэнцкага жыцця. Тады шмат хто на яго глядзеў як на волата з народу, нашага, вясковага, які суцешыць пакрыўджаных перабудовачнай калатнечай і паўсюдна ўсталюе сацыяльную справядлівасць. Цяпер жа больш за траціну беларусаў лічаць сябе пакрыўджанымі дзеючай уладай, прычым тры чвэрці з іх яна крыўдзіла неаднаразова. Гэта азначае, што кіраваць краінай рэжым можа толькі абапіраючыся на стары, як костка маманта, прынцып пугі і перніка.

Аднак без здзяйснення наспелых пераменаў у эканоміцы і грамадстве пернік ужо цяпер пачаў спакваля, але няспынна, памяншацца ў памерах. Ад гэтага ўсыхання ў рэшце рэшт не ўратуе ні венесуэльская нафта, ні расійскі крэдыт. Пераход на рынкавыя кошты на энергарэсурсы, змяненне правілаў ва ўзаемным гандлі з Расіяй — зусім не другарадныя эканамічныя нюансы. Гэта для Беларусі тэктанічны сацыяльна-цывілізацыйны зрух. Ён ужо адчуваецца ў розных сферах. Нядаўна, да прыкладу, Лабараторыя «НОВАК» вядомага сацыёлага Андрэя Вардамацкага выявіла істотныя перамены ў геапалітычных арыентацыях беларусаў. Яны адбыліся незвычайна хутка, на працягу ўсяго аднаго месяца пад уплывам нафтагазавага канфлікту з Масквой. Такі скачок у масавай свядомасці здараецца вельмі рэдка. Але вось жа здарыўся, здзівіўшы навуковы свет...

Што ж датычыць пугі, дык яна ўладзе пернік не заменіць. Усе было ў акрэсцінскіх камерах год назад — песні і смех, спартовыя спаборніцтвы і нават тэатральныя спектаклі. Аднаго не адчувалася: рабскага страху.

На Пляцы Волі імя Кастуся Каліноўскага мы бачылі золак новага дня Беларусі. У ім блякне вусцішнае святло турэмнага «месяца». А з надыходам сонца знікне назаўжды.

Мікалай ТОЎСЦІК. аглядальнік «Товарища»

Reuters

На форуме статья не обсуждалась

Комментарий:
Логин:
Пароль:
???? ??'??????? ????????????? ????? ???????????!
 Ещё новости раздела
Всем спасибо!
Видела всё собственными глазами
Когда пробок станет меньше?
Палата представителей приняла во втором чтении проект закона о кредитных историях
Вертикальщики скрывают свои доходы
Опять избита правозащитница Яна Полякова
Сенаторы одобрили декрет о переходе в Беларуси на 11-летнюю систему школьного образования
Вчера на минской кольцевой была пробка в три километра
На одном участке дороги в Минске столкнулось тринадцать автомобилей
Почему в процессе строительства дорожает жилье?
Белорусская академия искусств за высокий уровень подготовки дизайнеров отмечена специальным дипломом
Белорусский балет в Литве приняли овациями
Жертвы траффикинга — вне зоны внимания государства?