Сёння гасцюе ў нас культавы персанаж беларускага метал-фронту «Znich», але гэтым разам мае адмысловую нагоду: па-першае, гурт адсвяткаваў нядаўна 10 гадоў з дня заснавання; па-другое, ён выпусціў свой пяты паўнафарматны альбом. Калі ўлічыць, што ніводзін з папярэдніх рэлізаў не застаўся забытым — ні «Язычнік я» (1997), ні «Дух зямлі» (1999), ні «Запаветы апошняга старца» (2003), ні «Адчуваньні вясны» (2001), — а многія з іх нават неаднойчы перавыдаваліся, да новага рэлізу прыглядаліся з надзвычайнай пільнасцю: ці не стане ён лебядзінай песняй пачынальніка нацыянальнай плыні паган-цяжаляку?
Першая прэзентацыя ў сталічным клубе «Арэна» перад новым годам дала падставы для аптымізму: «Znich» не проста ўдарным выступам прывабіў паўнюткую залу фанаў і захопленыя водгукі прэсы, але і прадэманстраваў імпэтную здольнасць творчай кансалідацыі: мы ж памятаем пературбацыі складу калектыва, якія расцягнулі працэс запісу трэцяга альбому на тры гады, калі ўсё не маглі падабраць гітарыста, а ў выніку там прапісаліся ажно тры мясцовых Кірка Хэміта: Сяржук Малінін, Алесь Савянок і Аляксандр Крапіўніцкі. Дык вось у працы над новым альбомам лідэру Алесю Таболічу ўдалося сабраць сапраўды залаты склад — усіх лепшых музыкаў, з якімі ён распачынаў гэты свой праект: гітарыст Сяргей Стэц, бубнар Аляксандр Гарох, дудар Кастусь Трамбіцкі, басіст Цімур Гандараў і сам ён, Алесь Таболіч, ля мікрафона. Запрасілі таксама клавішніцу Аляксандру Сухадолаву, а гасцёўна яшчэ была скрыпачка Марына Лабанава.
Крыху змянілася і стылістыка музыкі. Хоць каронны таболічскі гроўлінг (спецыфічная манера метал-вакалу — на прыхрыпе) застаўся нязменным, але істотна спрасціліся рытмы, больш стала выразных мелодыяў. Такім чынам, новы альбом прэтэндуе стаць самым хітовым у дыскаграфіі гурта «Znich». Невыпадкова яго неўзабаве перавыдала для расійскага рынку адна з маскоўскіх фірм гуказапісу, а 23 сакавіка адбылася прэзэнтацыя дадзенага перавыдання ў маскоўскім клубе «Relax».
Альбом і пачынаецца выбухова ўдарнымі хітамі «Крыва Крывейта», «Крыжы-абярэгі», у прывабнасці надзвычайнай маторыкі якіх публіка паспела пераканацца на шматлікіх сольных і зборных канцэртах «Зніча». Але не менш ударнай аказалася і новая кампазіцыя «Беларусь», тэкст якое, як і ў папярэдніх, напісаў сам Алесь Таболіч, пацвердзіўшы запрыкмечаную даследчыкамі схільнасць гурта вярнуцца ад паган-фольку да свядома асэнсаванай аўтарскай творчасці. І лідэр калектыва, бадай, даспеў да гэтага.
Зрэшты, фальклорныя творы яшчэ ёсць у гэтым альбоме: «Ой дымна за дваром», «Як пушчу стралу». Ды нават у аўтарскіх рэчах Алесь Таболіч дэманструе трывалую заглыбленасць у спрадвечны пантэон нацыянальных традыцыяў («Мы сыны вялікіх багоў», «Паганскі вір», «Цені»).
Надзвычайную энергетыку падорыць слухачу і змешчаны на CD відэакліп Рыгора Корнева і Андрэя Старавойтава «Крыжы-абярэгі», дзе асабліва кідаецца ў вочы сімволіка спрадвечнага нацыянальнага арнаменту. Нягледзячы на сціплы відэашэраг, кліп пакідае найглыбейшыя ўражанні, а разам з тым і пераканаўча сведчыць, што высокі палёт творчай энергіі падуладны не банальным перакладчыкам модных патрыятычных тэкстовак, а непасрэдным носьбітам гэтай самай энергетыкі. Алесь Таболіч, бадай, з дзяцінства ўвабраў значэнне кожнага сімвалу, асэнсоўваючы яго на ўзроўні падсвядомасці, таму і атрымліваюцца ў яго такія пранікнёныя, амаль фальклорныя тэксты:
Я помню з маленства магічныя знакі:
Ад буры, пажару, вады і маланкі
Ахоўвалі стрэхі крыжы-абярэгі.
На божыя святы з малітвай жанчыны
Ручнік ускладалі на крыж пуцявіны
І білі паклоны... О крыжы-абярэгі!
А якім болем пасля такой зыркай карцінкі працінае слухацкую свядомасць відарыс сучаснасці:
Вяртаюся сёння ў стылую восень:
Няма ўжо крыжоў на Палессі, ні вёсак.
На многія вёрсты нідзе ні хаціны...
О дзе вы, о дзе вы, крыжы-абярэгі?
Алесь Таболіч яўна не з тых гора-потраётoff, якія здольныя толькі натужна зарыфмаваць вядомыя схемы кшталту «Беларусь/Ганарусь» ці яшчэ горш «Я люблю сваю страну/Ды ня знаю пачаму». Алесь Таболіч ведае За ШТО і ДЗЕЛЯ ЧАГО. І гэтая любоў красамоўна выяўляецца таксама ў ягонай мастацкай аздобе альбома — вельмі лаканічнай і сімвалічнай.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык