|
«Наступнай ноччу зноў з’явілася міліцыя – цяпер ужо
дванаццаць чалавек у масках і з аўтаматамі. Мой сын выскачыў
у вакно і хутка, на ягоны заклік, вакол дома сабралася група ўхваляваных
вясковых маладзёнаў. А ў міліцыі аўтаматы з прымкнутымі магазінамі…»
Гэта не дэтэктыў. Гэта – «Вся Беларусь» вядомых
журналістаў Марыны Гуляевай і яе бацькі Анатоля Гуляева. Кніга нарысаў і
інтэрв’ю аб паўсядзённым жыцці беларускай апазіцыі ў глыбінцы. Людзі з вёсак,
з мястэчкаў, з райцэнтраў – што мы сёння ведаем аб іх?
Ды і ў вогуле, калі прамаўляюць слова «апазіцыя», кожны ўяўляе штосьці
на свой капыл – ці то мітынгоўцаў на незыбыўнай плошчы Каліноўскага, ці
безнадзейнае змаганне за лідэрства. Гэта тут, у сталіцы, – загартаваныя ў
барацьбе рэвалюцыянеры, дзёрзкая моладзь. А там, далей, у лепшым выпадку –
«балота», у горшым – зацятыя «лукашысты».
Але ж тыя дванаццаць у масках і з аўтаматамі, што ўламіліся ноччу ў
дом – гэта далека ад Мінска. Мала таго, у святая святых «лукашызму» – на
Шклоўшчыне. Там, у Дабрэйцы, жыве былы старшыня мясцовага калгаса «Перамога»,
кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі. Чым жа ён так напалохаў
«вертыкаль», што апанатана кінуліся ў ноч да зубоў узброеныя міліцыянты і
ўчынілі вэрхал у соннай вёсцы з рахманай назвай Дабрэйка?
Пра ягоны ўчынак нават падумаць страшна: былы старшыня, сабраўшы
трыццаць валанцёраў, надумаў назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі!
І няма побач ні АБСЕ, ні пасольстваў, ні журналістаў. Калі здараецца
нешта падобнае, чалавек застаецца з пачварнай уладай сам-насам. А яна, улада,
ведае што робіць. І цудоўна ведае, якія ў непакорлівага чалавека будуць потым
наступствы. «Нядзіўна, што і суседзі Мігурскага ў Дабрэйцы пасля візіта
ўзброеных аўтаматамі міліцыянтаў пазіралі на яго насцярожана. А якія плёткі
хадзілі – люба-дорага! Ад «чачэнскага» следу да «агента ЦРУ».
Міжволі ўзнікае нейкая няпэўная надзея, што
выпадак з Мігурскім – гэта ўсё ж недарэчнасць, вынік унікальнага чынавенскага
вар’яцтва. Ну што, сапраўды, здарылася? Навошта гэткі гармідар узнімаць з-за
нейкага там назірання? Усё ж дваццаць першае стагоддзе на двары і ўлада не
стамляецца ўзгадваць, што калі не пуп зямлі, то цэнтр Еўропы – менавіта тут,
у нас. Але ўжо ў наступных радках гэтай кнігі слабы агеньчык надзеі згасае
канчаткова: «Штосьці падобнае адбылося з лідэрамі мясцовай ячэйкі Партыі
БНФ Рыгорам Костусевым, сябрам сацыял-дэмакратычнай партыі Вольгай Усцінавай,
сябрам Партыі БНФ Уладзімірам Алейнікавым і іншымі дэмакратычнымі
актывістамі. Людзьмі паважанымі, якія маюць адміністратыўны і гаспадарчы
досвед. Вядома, ні да газет, ні, тым больш, да тэлебачання і радыё ў іх
доступу няма».
І якая ўжо тут Еўропа! Гэта нейкі бязмежны правал у даваеннае
бяспраўе, у шаленства! І ў гэтых умовах жывуць людзі і нават адстойваюць свае
погляды. І знаходзяць аднадумцаў. І супрацьстаяць рэжыму. І зусім нярэдка ў
змаганні з ім перамагаюць.
«У Салігорску добра вядомы «просты» шахцёр Мікалай Зімін, які, адзіны
ў Беларусі, адмовіўся падпісаць працоўны кантракт. Той самы, супраць якога
ўсе пратэстуюць, але ўсе падпісваюць. А ён не падпісаў. Аднак паколькі
спецыяліст ён выдатны, на працу і зарплату гэта не паўплывала. Нават з улікам
таго, што як актывіста сацыял-дэмакратычнай партыі за збор подпісаў на
карысць дэмакратычных кандыдатаў і распаўсюджанне афіцыйна зарэгістраваных
газет яго неаднойчы затрымлівалі. Гэта выглядае як фрагмент, як нехарактэрны
выпадак, калі, вядома, не прыгледзецца бліжэй. А калі прыгледзецца бліжэй, то
высвятляецца, што гэты выпадак не адзіны. Што іх, увогуле, вельмі шмат».
Аднак аўтары гэтай кнігі не дазваляюць сабе залішняга захаплення,
якімі б красамоўнымі не былі тыя ці іншыя факты сапраўды вартага павагі
супраціву. Несуцяшальная карціна людской пакорлівасці і абыякавасці да падзей
грамадскага жыцця, да ўласнага лёсу нікуды не знікае. І не выносіцца за дужкі
ў шчырай і дакладнай размове з чытачом. Журналісты не абыходзяць надзвычай
вострыя і, на першы погляд, зусім непажаданыя ў гэтай кнізе факты, старанна і
глыбока даследуюць гэты загадкавы, незразумелы феномен беларускай
баязлівасці. Чаго спалохаліся людзі? Чаму яны маўчаць? Чаму так нахабна
дзейнічае ўлада і амаль не сустракае адпору з боку грамадства? Чаму такі
разрыў паміж тымі, хто не скарыўся гвалту, і вялікай масай ціхмяных,
раўнадушных да несправядлівасці людзей?
«Успамінаюцца першыя дэмакратычныя гады, калі ўвогуле ніхто нікога не
баяўся. Калі дэмакраты штурмавалі мясцовыя райкамы партыі… Куды яны
падзеліся? Так, некалькі мужных палітыкаў улады кінулі ў турмы. Так, мы
заўсёды будзем памятаць імёны зніклых… Але ж не было ў Беларусі масавых
крывавых рэпрэсій, жахлівых тэрмідораў, чырвонага і белага тэрораў… Проста
людзі, якія ўчапіліся ва ўладу, усяго толькі прыкрыкнулі на насельніцтва
краіны, праўда, гучна прыкрыкнулі.
І ўсё! І гэтага аказалася дастаткова, каб бессмяротныя, вечныя ідэалы
дэмакратыі зніклі з правінцыйнага і ўвогуле беларускага небасхілу. Нібы іх і
не было…
Самае цікавае ў тым, што ўстаялі ў гэтай – нават
не барацьбе, а мітусні – не тыя, якія зусім нядаўна гучней за ўсіх гаварылі
аб дэмакратыі. Устаялі і сталі пераможцамі зусім іншыя».
Гэтыя іншыя – самыя розныя людзі: вучоныя, інжынеры, сельскія
адмыслоўцы, маладыя настаўнікі, былыя вайскоўцы, сяляне. Сёння яны сябры ці
прыхільнікі самых розных палітычных партый. Але для іх, дэмакратаў
«глыбінкі», даўно вырашана праблема аб’яднання, над якой пакутліва б’юцца
палітыкі ў Мінску. Там, у беларускай «глыбінцы», іх даўно аб’яднала адзіная
мэта – жаданне пераменаў. Бо і надалей жыць у тым дзікім, скажоным свеце, які
стварыў у краіне недарэчны, злосны рэжым, ужо немагчыма. А супрацьстаяць яму
можна і паасобку, але лепш грамадой.
Гэта кніга надзвычай цікавая тым, што падае не сенсацыйныя падзеі
правінцыйнага жыцця, а само гэта паўсядзённае жыццё, поўнае сапраўднай
мужнасці і непахіснага супраціву. Можна аднойчы наважыцца на сапраўдны
ўчынак, але як захаваць самыя цвёрдыя перакананні ва ўмовах штодзённага
ціску, няспыннага пераследу з боку ўладаў? Тым больш, у «глыбінцы», дзе ва
ўмовах прававога бязмежжа ў гэатых уладаў процьма магчымасцяў сапсаваць
чалавеку рэпутацыю і зрабіць яго жыццё невыносным.
Перш за ўсё чалавек, які не пабаяўся заявіць аб сваёй пазіцыі ўголас,
як правіла, страчвае працу. Потым пачынаюцца іншыя «радасці», у вынаходніцтве
якіх мясцовыя «вертыкальшчыкі» не маюць сабе роўных.
Аляксандр Пудаўкін, сябра ПКБ з вёскі Лунна Мастоўскага раёна,
вучоны-аграном, землеўпарадкавальнік і дэпутат мясцовага Савета, дамогся ад
уладаў перазахавання невядомых чырвонаармейцаў, якія загінулі ў сорак першым.
Па вайсковых медальёнах яму ўдалося выявіць прозвішчы двух украінцаў. На
пахаванне прыехалі іх родзічы з Хмяльніцкай вобласці. І на знак удзячнасці
зрабілі Аляксандру самы «украінскі» падарунак – памаранчавы шалік. Той самы,
мяцежны. І Аляксандр меў неасцярожнасць яго надзець. «А ў час прэзідэнцкіх
выбараў у яго дома быў ператрус. Міліцыянт і двое ў цывільным перакулілі ўсё
ў доме ўверх дном. Раскурочылі адзінае багацце – кампутар. А потым
бессаромнае беларускае тэлебачанне, па сутнасці, абвінаваціла Пудаўкіна ў падрыхтоўцы
выбухаў у Мастах: выканкам, нафтабаза, чыгуначны мост… Самае паганае ва ўсім
гэтым: бабулькі, якія намаганнямі Аляксандра атрымалі ваду, газ, аўтобусныя
маршруты і іншае, у выбухі паверылі свята… Вядома, чалавек, які носіць
памаранчавы шалік, можа рыхтаваць выбухі выканкама і нафтабазы ў горадзе
Масты».
У гэтай кнізе шмат персанажаў, але яны не зліваюцца ў натоўп і, бадай,
кожны выгодна адрозніваецца сваёй непаўторнай індывідуальнасцю. Нікога не
переаблытаеш ні з кім. Адзінае, што паўтараецца ў кожным, гэта спрадвеку
ўласцівае лепшым людзям пачуццё гонару і годнасці. Такіх людзей не затопчаш,
не адсунеш у цень, і натоўпы міліцыянтаў кідаць супраць іх – безнадзейная
справа. Як сказаў юрыст Аляксандр Дзергачоў, сябра Партыі БНФ са Смаргоні, «застаюцца
тыя, хто на лёгкі поспех не разлічваў». У такіх варунках людзі з
няпэўнымі маральнымі якасцямі доўга вытрываць няздольны.
Магчыма, хтосьці з чытачоў, убачыўшы на вокладцы словы «Вся Беларусь»,
папракне аўтараў у дзёрзкасці – гэта ж тыповая энцыклапедычная назва! Усё
так. Кароткія гісторыі з правінцыйнага жыцця, сабраныя пад адной вокладкай,
ствараюць надзіва шырокую і дакладную панараму па-сапраўднаму народнага
супраціву дзікай, нецывілізаванай уладзе. І журналісты ні ў чым не
перабольшваюць маштабы гэтага супраціву. Ёсць тое, што ёсць. Магутнага,
усенароднага руху няма. Але ёсць, застаюцца людзі, якія не скарыліся перад
усеўладдзем халуёў і не сышлі ў той шэры змрок, якім акутана сёння прастора
Беларусі. Яны жывуць, змагаюцца і перамагаюць.
Уладізімр ХАЛІП.
Мінск
|