Выстава
3 красавіка пасля 17.00 пры ўваходзе ў залі выставаў Палаца мастацтваў на вернісажы «Пагоні» віраваў невялікі натоўп. Што за дзіва — у дзвярах сам дырэктар Палаца правярае квіткі! Калі гэта на вернісажы ўваход быў платны? Ды зрэшты ўсё зразумела — прынцып нашай сённяшняй дзяржавы — татальны кантроль, а тут выстаўляюцца франдзёры з «Пагоні»! Ужо прыйшоў на выставу Анатоль Лябедзька (на фота) — ён што, мастацтвам цікавіцца?
Таму і зразумелай рабілася прысутнасць спецыфічных аўтамабіляў ля Палаца ды назіранне пад выглядам праверкі білетаў на ўваходзе. Атмасфера лёгкага скандала. Зрэшты, на «Пагоню» ніколі не ішлі выключна дзеля задавальнення вытанчанага эстэтычнага пачуцця. І творы мастакоў не вызначаліся стылістычнай блізкасцю, як, скажам, творы ўдзельнікаў яе равесніцы, што выйшла з тых жа часоў перабудовы і калісці карысталася шалёным поспехам, суполкі «Няміга».
Кожнаму з наведвальнікаў выстаў выпадае самому адказаць на пытанне, што вабіць яго болей у мастацкім творы: фармальныя аспекты, чыстая прыгажосць, ці грамадзянскі пафас? Што да мяне, то ў сённяшнім стане нашай краіны апошні вельмі важны, калі мастак не жадае страціць чалавечую годнасць. Грамадзянская пазіцыя якраз і дамінуе ў крэда «пагонеўцаў», забяспечваючы трываласць гэтага саюзу ад 1990 года і спецыфічнасць задачы, якую ён імкнецца вырашаць. І калі сёння заціскаюць выказванне альтэрнатыўнай думкі праз СМІ, то вальнадумства перацякае ў мастацтва.
Апошнія шэсць год «Пагоні» не шанцавала — традыцыйнае адкрыццё яе вялікіх выставаў, прысвечаных гадавінам Дня Волі, адмянялася ланцужком загадаў — Адміністрацыя — Міністэрства культуры — Саюз мастакоў. Апошні мусіў неахвотна падпарадкоўвацца.
У 2007 годзе нешта не спрацавала. Можа, нарэшце, у чыноўных цэнзараў выспела разуменне, што чарговая забарона альбо выдаленне з выставы мастацкага твору — такім творам калісці была экспанаваная зараз «Сляза Міндоўга» кіраўніка суполкі Алеся Марачкіна — дадатковая рэклама дзейнасці «Пагоні». Засталося толькі дробнае шкодніцтва — кіраўніку Саюза мастакоў Уладзіміру Басалыгу не ўдалося дамовіцца на адкрыццё да юбілейнай даты, таму выстава працуе ад 3 да 15 красавіка. Лозунг экспазіцыі гэтага году сімвалічны — «Разам!». Разам, як тлумачыць куратар імпрэзы мастак Сяржук Цімохаў — тыя, хто за незалежную і дэмакратычную Беларусь, хто за яе культуру і росквіт без ідэалагічных ланцугоў. Разам тыя, каго «пагонеўцы» лічаць сваімі папярэднікамі, і сучаснікі — на сценах вялікай залі Палаца дываны Язэпа Драздовіча, творы Пятра Сергіевіча, Міхася Сеўрука і Яўгена Куліка суседнічаюць з працамі саміх «пагонеўцаў» і работамі незалежных маладых, якія падзяляюць прынцыпы суполкі. Агулам каля сотні твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інсталяцый.
Вернісаж «Пагоні», традыцыйна ўрачысты і шумлівы, спалучэнне элементаў мітынгу і мастацкага пэрформансу, сабраў некалькі соцень прыхільнікаў. Іх вітаў голас Звана Свабоды, які Алесь Марачкін са скульптарам Алесем Шатэрнікам у мінулым годзе вызвалялі з міліцэйскага арышту — пасля прысутнасці Звана на пратэставай Кастрычніцка-Каліноўскай плошчы пасля прэзідэнцкіх выбараў.
На франтальнай сцяне — творы згаданых папярэднікаў, далей — «пагонеўцаў» разам з маладымі. Часам зусім не аднолькавыя стылёва. Адзіныя хіба ў адсутнасці спецыфічнай гнуткасці спіны або пачуцця страху і перасцярогі, уласцівых, на жаль, залішне многім творцам у Беларусі сёння.
І сярод старых сяброў ёсць тыя, хто ў гэтым годзе не наважыўся ўдзельнічаць у выставе. Адсюль часам адчуванне незавершанасці падзеі ў тых, хто не першы раз на выставах суполкі. Але самае галоўнае — «Пагоня» вяртаецца. А тыя хто ідзе — адужаюць шлях. Асабліва, маючы такое багацце творчых канцэпцый. Грамадзянскі пафас «палонніка Апалона» (па словах Міхася Скоблы) Алеся Марачкіна — у працах «Кліч у нікуды», «За элегантную победу», «Сляза Міндоўга». Публіцыстычнасць у калажы «Рук беларусаў» Алеся Пушкіна, рук, задратаваных калючкай, адабраных ад працы. Гістарызм у палотнах Алеся Цыркунова. Рытмічную мелодыку ў графіцы Рыгора Сітніцы. Цёплы лірызм у жывапісы сямейнага дуэта Алены Юр’евай і Юрыя Піскуна. І маючы спалучэнне досведу і маладосці — ад класікі народнага мастака Беларусі графіка Арлена Кашкурэвіча да маладой з’едлівай іроніі разам з колеравым выклікам і здзеклівым жартам Змітра Вішнёва.
Інакш кажучы, розныя, роўныя, разам. Ёсць прастора наведнікам шукаць тое, што кранае эстэтычна.
І варта паспяшацца, бо як бы зноў на выставы «Пагоні» не апусцілася заслона забаронаў.
Ужо назаўтра па вернісажы заспяшаліся ў Палац чыноўнікі. Чакалі старшыню Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава з атачэннем. Але з’явіўся міністр культуры Уладзімір Матвейчук з групаю набліжаных асобаў. І — дзіва дзіўнае — выставу пад аб’ектывамі прэсы глядзець застыдаліся. Адно на запрашэнне Алеся Марачкіна да агляду твораў паведамілі, што яны тут па справах рамонту Палацу. А як ведае беларускае грамадства, вольнае мулярства беларускага чынавенства з вольнай культурай не мае нічога агульнага. А пераадольваецца чыноўнае самадурства толькі тады, калі разам — не толькі мастакі, але ўся грамадзянская супольнасць.
Аляксей ХАДЫКА.
Мінск