Ус¨ пачынаецца з салiдарнасцi
Закон жыцця і перамогі
Нас выхоўвалі матэрыялістамі. На семінарскіх занятках па дыямату дацэнт вельмі любіў, каб студэнты ў адказах прыводзілі прыклады з тэорыі Чарльза Дарвіна. З тае пары я няблага памятаю пра натуральны адбор, пры якім выжывае і перамагае мацнейшы. Адсюль ужо вельмі проста рабіць нейкія жыццевыя высновы, кшталту: хочаш выжыць і перамагчы — не дужа зважай на іншых і з усяе моцы пніся ў мацнейшыя.
Эх, колькі кар’ерыстаў з жалезнымі лакцямі, а таксама буйных і дробных здраднікаў і дыктатараў спарадзіў гэты немудрагелісты прынцып!
Але, дзякаваць богу, мы тады чыталі не толькі канспекты. Дагэтуль памятаю той невялікі, мо старонак на дзесяць, артыкул у часопісе «Новый мир», які рэдагаваў Аляксандр Твардоўскі. Знакаміты генетык, прафесар Уладзімір Эфраімсон назваў тую сваю працу «Радавод альтруізму». Да таго часу славуты вучоны вярнуўся ўжо з лесапавалу, куды патрапіў за адданае служэнне «прадажнай дзеўцы імперыялізму», як называлі рознага кшталту ваяўнічыя невукі ягоную навуку, і дачакаўся зыходу з наглядчыкаў за біялогіяй галоўнага выкрывальніка «дзеўкі» — Трафіма Лысенкі, з якім непрымірыма ваяваў. Таму пісаць і друкаваць прафесар урэшце мог усе, што ведаў і аб чым пакутліва перадумаў у цішы лабараторыяў, у крывавым брудзе акопаў за чатыры франтавыя гады і пад куляметнымі дуламі вертухаеў за калючым лагерным дротам.
Не, ен зусім не абвяргаў Дарвіна. Але пераканаўча даказваў, што мацнейшым у натуральным адборы становяцца толькі тыя жывыя істоты, якія здатныя падтрымліваць і ратаваць адзін аднаго, а калі трэба — ісці на ахвяры ў імя тых, хто побач і для карысці ўсей сваей супольнасці. То быў артыкул аб паходжанні маралі, якім зачытваліся на бязмежных абсягах ад Брэста да Курыльскіх выспаў. Гэтая ўжо класічная праца і цяпер гуляе па Інтэрнету. Бо ў яе доказах і развагах — закон жыцця і перамогі.
Грошы для Дзяніса
Перачытваю на маніторы кампутара словы сусветна вядомага вучонага і нязломнага змагара — і чую нягучны, крыху стомлены жаночы голас у сваім «мабільніку». Жана Іванаўна Ямайкіна... Шчыра кажучы, раней я думаў, што гэта нечы псеўданім. Але не, мая субяседніца гаворыць, што такое ў яе сапраўднае прозвішча і імя. Не тоячыся расказвае, што працуе журналісткай у інтэрнет-выданнях, гадуе дзіця.
Патэлефанаваў я Жане Іванаўне таму, што знайшоў на адным з сайтаў нумар яе мабільніка пад вельмі простым і зусім не патасным тэкстам. Паведамлялася, што Дзяніса Дзянісава выпусцяць да суда з Віцебскай турмы, калі за яго будзе ўнесены грашовы заклад, эквівалентны 7,5 тысячы даляраў. Радня 4,5 тысячы сабрала. Не хапае яшчэ 3 тысячы. «Хто можа — дапамажыце».
Даведка для тых, хто не чуў пра Дзяніса Дзянісава. Гэта адзін з арганізатараў і абаронцаў наметавага гарадка імя Кастуся Каліноўскага, які моладзь стварыла ў сакавіку мінулага года ў самым цэнтры Мінска, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. У час нядаўніх «зачыстак» напярэдадні гадавіны тых памятных падзеяў хлопец зноў патрапіў за краты. 16 лютага яго затрымалі ў Гомелі. У абгрунтаванні сваіх дзеянняў міліцыянты праявілі выбітны творчы падыход, якога ім так неставала потым, калі напярэдадні Дня волі пачаліся прэвентыўныя затрыманні Вінцука Вячоркі, Вячаслава Сіўчыка і трох дзесяткаў іншых апазіцыянераў. Усе яны, па сержанцкіх сведчаннях, або брыдкасловілі (Вячорка дык увогуле лаяўся ў пад’ездзе дома, дзе жыве, у прысутнасці дзевяцігадовай дачкі), або, пардон, спраўлялі натуральныя патрэбы сярод вуліцы, акурат дачакаўшыся, пакуль з’явіцца міліцыянцкі патруль. Дзяніса Дзянісава, у адрозненні ад іх, абвінавацілі куды ў больш жудасным злачынстве: «планаванні групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак». Справа ў тым, што мінулым летам у Віцебску быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. У тамтэйшую турму ўзімку і этапавалі хлапчыну, як асобу, якая падазраецца ў арганізацыі гэтага страшэннага крыміналу.
— Дзяніс вам кім даводзіцца? — пытаюся ў Жаны Ямайкінай.
— Ды не, мы не сваякі. Я з ім летась у наметавым гарадку пазнаемілася…
Не сваякі Дзянісу Дзянісаву і больш за сотню беларусаў, якія ахвяравалі грошы для таго, каб вызваліць хлопца да суда з-за кратаў. У пункты прыему ўнескаў неслі свае крэўныя тыя, хто непахісна стаяў год назад на Пляцы Волі імя Кастуся Каліноўскага і тыя, хто ім спачуваў. Хто адбываў год назад арыштанцкія суткі на Акрэсціна ці ў Жодзіна, і каго абмінула гэтая чаша. Ішлі і ехалі з Мінска і іншых гарадоў. Студэнты са сціплымі дзесяццю тысячамі са стыпендыі, бізнесоўцы, вучоныя і вядомыя спевакі з куды больш важкімі сумамі, спагадлівыя жанчыны з прыхаванымі на веснавыя туфлі далярамі... Некаторыя бацькі прыводзілі з сабой дзяцей, а бабулі і дзядулі — унукаў, каб выхоўваліся як след, раслі чулымі людзьмі. Калі б арганізатары не спынілі гэты паток салідарнасці, бо сабралі патрэбныя сродкі, дык ен бы бруіўся і цяпер.
Дзяніс Дзянісаў ужо на волі — выпушчаны пад заклад да суда. Вядома ж, перш за ўсе хлопец падзякаваў усім знаемым і незнаемым людзям, якія вызвалілі яго з-за кратаў. Але плён не толькі ў набыцці свабоды гэтым мужным юнаком. Год назад у Беларусі выразна праявілася новая цывілізацыя. У адрозненне ад старой, вяскова-патэрналісцкай, ей не патрэбны бацька нацыі. Ей патрэбны падсправаздачны грамадству часовы менеджэр па кіраванню справамі дзяржавы. І жабрацкія чарка са скваркай ей не патрэбныя. Замест іх патрэбныя свабода, законнасць, павага да мовы, гісторыі і культуры сваей нацыі і незалежная краіна, за якую не сорамна. Янка Купала называў гэтае памкненне «людзьмі звацца». Год назад новая цывілізацыя выявіла сваю здольнасць самааргонізоўвацца. Сведчаннем гэтаму стаў Пляц Волі імя Кастуся Кліноўскага ў цэнтры сталіцы. Цяпер праявілася яе не менш важная якасць — падтрымліваць і бараніць сваіх паплечнікаў, адчуваць сябе згуртаванай супольнасцю, якую няпроста парушыць.
За прызначэннем вельмі немалой па беларускіх мерках сумы закладу прасочвалася ўпэўненасць улады ў тым, што пасквапяцца, палянуюцца, не дадуць і не збяруць. А тады і на самой справе можна паверыць ва ўласныя словы, што за ўсімі гэтымі суполкамі, ініцыятывамі і рухамі нічога вартага ўвагі не тоіцца. Так, жменька гарадскіх вар’ятаў... Але ж здзейсніўся зусім іншы сцэнар: не пасквапіліся, не паленаваліся і сабралі, прычым без асаблівай напругі. І калі ўлада не разумее, што мае справу з глыбіннай грамадскай з’явай, з сілай, якая хутка набіраецца розуму і моцы ў дзеяннях, дык тым горай для ўлады.
Заробленае — тым, хто зарабіў
Цяперашні беларускі рэжым нельга ні абагаўляць, ні дэманізаваць. Улада як улада. Ва ўсім свеце яна мае такія якасці, якія ей дазваляе мець грамадства. Цяперашнюю ўладу таксама ніхто ў Беларусь на парашутах не скідваў. Яна выключна сваей гадоўлі. І тое няпраўда, што нічога ад яе нельга дабіцца, бо ад шараговага чалавека ў нас, нібыта, анічагусенькі не залежыць. Калі гэтыя звычайныя людзі яднаюцца і цверда дамагаюцца свайго, улада адступае, не адважваючыся ісці на суперак.
Даўно захапляюся салідарнасцю салігорскіх шахцераў. Па дробязях гвалт не ўздымаюць, але калі нехта замахваецца на іх карэнныя інтарэсы, паўстаюць усе як адзін.
Улада цяпер, як вядома, актыўна ўзялася за «ўпарадкаванне льгот», што ў перакладзе з бюракратычнай мовы на агульназразумелую часцяком азначае пазбаўленне людзей тых даброт, якія яны мелі раней. Вось і ў законапраекце «Аб прафесійным пенсійным страхаванні», які рыхтаваўся да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў, прадугледжвалася, што калі пенсіянер застаецца працаваць у шкодных умовах вытворчасці, дык будзе атрымліваць толькі зарплату. З гэтай нагоды па ўсей Беларусі было ўжыта нямала моцных выразаў ў заводскіх курылках, піўбарах і на дамашніх кухнях. Але да пікета ў тысячу чалавек пачалі рыхтавацца толькі шахцеры. Незалежны і вельмі баявы прафсаюз гарнякоў, які ўзначальвае Мікалай Новік, вырашыў вылучыць і іншыя прэтэнзіі да наймальніка і ўлады. У прыватнасці, аб павышэнні зарплатаў працаўнікоў узбагачальных фабрык, дзе бальшыню складаюць жанчыны.
Гарадское і абласное кіраўніцтва круцілася і так, і гэтак. Пікет забаранялі праводзіць нават у сувязі з эпідэміяй грыпу, паблытаўшы загартаваных у забоях шахцераў з гадаванцамі дзіцячых садкоў. — Нічога, дачакаемся калі ўсе паздаравеюць, — казаў Мікалай Новік у кабінетах гарвыканкама. Там слухалі і пераносілі пачутае вышэй. Бо за чалавекам гэтым — больш за чатыры тысячы паплечнікаў, якія ўваходзяць у незалежны прафсаюз «Беларуськалія». У сваю чаргу, прадпрыемства гэтае — адзін з найбуйнейшых экспарцераў і пастаўшчыкоў валюты ў краіну. Ды і саракачатырохдзенная забастоўка шахцераў, іхняя галадоўка разам з сем’ямі, а таксама пратэстныя нявыхады з нізкіх лаваў на паверхню ржавым цвіком сядзяць у памяці не аднаго чыноўніка. Дарма, што пятнаццаць год мінула з тых падзеяў.
А нядаўна БелТА паведаміла: «Ніжняя палата парламента вырашыла перанесці на больш позні тэрмін разгляд законапраекту «Аб прафесійным пенсійным страхаванні». Ну, вядома ж, дэпутаты не прызналіся, хто прымусіў іх, гаворачы казеннай мовай, «вярнуць на дапрацоўку«тую выбуханебяспечную паперчыну. «Дэпутат Сяргей Камянецкі паведаміў, што такое рашэнне было прынятае пасля выязнога пасяджэння на ААТ «Гродна Азот», — чытаем у тым жа допісе БелТА. Але ні для каго не сакрэт: і гарадзенскія хімікі, і мінскія машынабудаўнікі, і крычаўскія цэментнікі, і многія тысячы рабочых іншых прадпрыемстваў, якія мусяць зарабляць свой хлеб надзенны ў шкодных для здароўя і небяспечных для жыцця вытворчасцях, павінны быць удзячнымі за цяперашняе захаванне льготных пенсій менавіта з’яднанай сям’і салігорскіх шахцераў.
Цяпер шмат крыўдаў на ўладу выказваюць удзельнікі ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Для іх новы варыянт закона «Аб дзяржаўных сацыяльных гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў», які разглядаецца ў парламенце, прадугледжвае адмену ўсіх льгот. — У нас застанецца толькі пасведчанне, — паскардзіўся кіраўнік суполкі ліквідатараў. Ну што тут сказаць... Сення шахцеры «Беларуськалія» маюць зарплату і сацыяльныя гарантыі ці не найбольшыя сярод рабочых прадпрыемстваў краіны. Сумніву няма: жывучы на нашай зямлі ў сярэднім усяго 46 з паловай гадоў, яны зарабілі гэтыя даброты сваей катаржнай працай. Але, ў адрозненне ад іншых гаротнікаў, якіх, на жаль, не менее ў Беларусі, салігорскія гарнякі яшчэ і дамагліся, каб заробленае патрапіла менавіта тым, хто зарабіў.
Чарнобыльцаў у нашай краіне куды больш, чым шахцераў. Аднак усе пачынаецца з салідарнасці...
Мікалай ТОЎСЦІК,аглядальнік «Таварыша»