У Беларусі пачаўся распродаж банкаў. Кіраўнік аднаго з найбуйнейшых беларускіх банкаў – ААТ «Прыорбанк» Сяргей Касцючэнка паведаміў, што на дзяржаўным узроўні прынятае рашэнне аб продажы заходнім інвестарам «Белпрамбудбанку» і «Белінвестбанку».
Якія яшчэ банкі могуць быць прададзеныя і што гэта дасць Беларусі, разважаюць эксперты «Завтра твоей страны».
– Беларускія банкі першымі былі выстаўленыя на продаж. Летась ён вёўся даволі інтэнсіўна. Я не выключаю, што ў гэтым годзе сітуацыя будзе яшчэ больш актыўна развівацца, – гаворыць кіраўнік Даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук. – Хутчэй за ўсё, прададуць «Белаграпрамбанк», «Белпрамбудбанк» і «Белінвестбанк».
Эканаміст таксама не выключыў продаж у самай блізкай будучыні 15-20 % акцый найбуйнейшага ў краіне «Беларусбанку».
– Я не выключаю, што яго пакупніком стане Ашчадбанк Расеі, якім цяпер кіруе Герман Грэф. Бо менавіта гэтая структура заяўляла пра гатоўнасць стаць рэгіянальным банкам па краінах СНД, – сцвярджае эксперт. - Калі гэта здарыцца, то стане пацверджаннем той фінансавай экспансіі, якую здзяйсняюць расейцы, перш чым яны пачнуць прад'яўляць прэтэнзіі і выстаўляць рахункі, як беларускай эканоміцы, так і беларускай палітыцы.
Шэраговыя беларусы, на думку эксперта, могуць нават не адчуць таго, што айчынныя банкі прададзеныя.
– Калі расейцы прыйдуць у банкі, а потым на прадпрыемствы або самі банкі пачнуць мець сур'ёзныя фінансавыя праблемы, то расейцы прапануюць гэтыя праблемы вырашыць, але ўжо за кошт куплі актываў. Вось тады беларусы застануцца без «казырных» прадпрыемстваў, на якіх можна было б даволі добра зарабляць і атрымоўваць стабільны прыбытак, – адзначае Яраслаў Раманчук. – Мы не проста страцім кантроль над сваёй уласнасцю. Мы страцім магчымасць развіваць нацыянальны бізнэс, а гэта можа мець яшчэ і далёка ідучыя палітычныя наступствы.
– З пункту гледжання стратэгічнага, калі пачнецца продаж беларускіх банкаў, у тым ліку і «Беларусбанку», мы зможам паставіць крыж на тым, што разумеецца цяперашнімі палітыкамі пад эканамічным суверэнітэтам. А вышэйшае кіраўніцтва краіны такую небяспеку недаацэньвае, – сцвярджае кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. – Калі банкаўская сістэма краіны знаходзіцца ў замежных руках, яна становіцца больш кіраванай, але ўжо з іншага цэнтра.
Як упэўнівае аналітык, да продажу айчынных банкаў беларускія ўлады падштурхнулі непадрыхтаванасць, непрафесіяналізм і нежаданне праводзіць рэформы.
– Цяпер ім няма куды дзявацца – альбо сыходзіць у нябыт, альбо яшчэ на пару гадоў працягнуць сваё існаванне, – лічыць эксперт.