Все номера     Пишите нам
Среда, 14 мая 14:47 Поиск по сайту:
ПЕРАТРУСЫ Ў РЭДАКЦЫЯХ НЕДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ І КВАТЭРАХ ЖУРНАЛІСТАЎ
27.03.2008 17:33

Працягваюцца ператрусы, што распачаліся сёння з самай раніцы ў шэрагу рэдакцый і прыватных кватэр беларускіх журналістаў. Ордэр на ператрус, з якім прыходзяць прадстаўнікі спецслужбаў, аднолькавы ва ўсіх выпадках. Ён падпісаны намеснікам пракурора г. Мінска Аляксеем Стукам і датаваны 17-м сакавіка. Сёння супрацоўнікі спецслужбаў прыйшлі ў мінскі офіс Радыё «Рацыя», а таксама прыватныя кватэры сябраў БАЖ Андрэя Аляксандрава (Наваполацк), Генадзя Судніка (Магілёў), Анатоля Гатоўчыца (Гомель), Алены Сцяпанавай (Віцебск), Тамары Шчапёткінай (Бяроза), Вадзіма Баршчэўскага (Віцебск), Аляксея Белага (Баранавічы), Наталлі Чухно (Брэст), Андрэя Шобіна (Бабруйск), Віталь Васількоў (Магілёў).

Дагэтуль недаступныя тэлефоны некаторых журналістаў, што супрацоўнічаюць з «Еўрапейскім радыё для Беларусі». У офісе «Рацыі» забралі 4 сістэмныя блокі, ноўтбук, дыскі, дакументы і візітоўкі. Там жа затрыманая сябра БАЖ Юлія Коцкая, якую забралі на допыт. Праведзены ператрус у кватэры сябра БАЖ Эдуарда Мельнікава (самога журналіста ў Беларусі няма). Тое самае адбываецца ў іншых гарадах Беларусі.

17.08 Высветліліся абставіны ператрусу ў кватэры сябра Праўлення БАЖ, прафесара ЕГУ Эдуарда Мельнікава, якога гэтымі днямі няма ў Мінску. У кватэру супрацоўнікі спецслужбаў патрапілі, сілаю забраўшы ключы ў яго сяброў: незалежнага журналіста Міхася Янчука і намесніка старшыні Таварыства Беларускай Мовы Сяргея Кручкова. Гэта адбылося на лесвічнай пляцоўцы — сілавікі (6 чалавек) падчакалі маладых людзей і накінуліся на іх, калі тыя сталі адчыняць кватэру. Пасля прадстаўнікі спецслужб прывялі ў кватэру супрацоўніцу мясцовага ЖЭСу і распачалі ператрус. У выніку з кватэры забралі камп’ютары і аргтэхніку. Кіраваў ператрусам капітан КДБ Сяргей Маёнаў. М.Янчука і С.Кручкова прыкладна 4,5 гадзіны прымусова ўтрымлівалі ў кватэры і адпусцілі толькі пасля заканчэння ператрусу. Магчымасці азнаёміцца з пратаколам ім не далі.

16.53 Прыйшло паведамленне з Пінску. Як паведамляе служба маніторынгу БАЖ, у гэтым горадзе адбыўся ператрус у кватэры журналіста Аляксандра Бучэка, які супрацоўнічае з незалежнымі СМІ. Прадстаўнікі мясцовага КДБ забралі сістэмны блок камп’ютара ды іншыя рэчы.

16.26 Толькі што стала вядома, што ў Магілёве ў прыватным доме па вул. Чкалава, 16 праведзены ператрус. У памяшканні на момант ператрусу знаходзіўся мясцовы журналіст Віталь Васількоў, — паведаміў прэс-службе БАЖ магілёўскі праваабаронца Уладзімір Краўчанка. У ператрусе бралі ўдзел 6 супрацоўнікаў КДБ, 1 кіроўца мікрааўтобуса і 2 панятых. Яны забралі сістэмныя блокі камп’ютараў і ўсе асобнікі маланакладных магілёўскіх газет, што там знаходзіліся. Адзін з нашых калег у Магілёве даслаў фота.

 На фота: Ператрус у Магілёве на вул.Чкалава

16.01 У Бабруйску сябра БАЖ Андрэя Шобіна супрацоўнікі КДБ павезлі на допыт. Гэта адбылося пасля правядзення ператрусу ў кватэры журналіста. Як паведаміла службе маніторынгу БАЖ  жонка А. Шобіна, з кватэры забралі камп’ютар і манітор да яго, ноўтбук, частку кампакт-дыскаў і відэакасет. Нашы калегі даслалі фота.

 

На фота:

1.Супрацоўнікі КДБ уваходзяць у кватэру А. Шобіна

2.Адзін з супрацоўнікаў КДБ нясе скрынку на рэчы, якія будуць вымаць

3. На першыя плане - адна з панятых, ззаду - супрацоўнік КДБ з маніторам, за ім - яшчэ адна панятая (абедзьве - студэнткі Бабруйскага каледжу).    

15.29 У віцебскай журналісткі Алены Сцяпанавай у выніку ператрусу на яе асабістай кватэры забралі вінчэсцер ад камп’ютара і кампакт-дыскі. З кватэры Эдуарда Мельнікава вынеслі 2 камп’ютары і відэакамеру. З памяшкання ў Мінску, дзе месціўся «Белсат» — камп’ютар, дакументы, кнігі.

15.25 З'явілася інфармацыя пра ператрус у Брэсце. У 8 гадзін раніцы тры супрацоўнікі упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці прыйшлі ў кватэру, дзе жыве разам з бацькамі журналістка Наталля Чухно. Падчас ператрусу, які скончыўся ў 11.08, прадстаўнікі спецслужбаў забралі сістэмны блок з камп’ютара журналісткі, шэраг нумараў незалежнай прэсы (газеты «Народная воля», «Товарищ»), відэа-, фота- і аудыёматэрыялы, друкаваную прадукцыю (усяго у пратаколе былі пазначаны 23 забраных рэчы). На пытанне спн. Чухно, калі вернуць рэчы, супрацоўнікі КДБ параілі звяртацца ў пракуратуру г. Мінска. Калі журналістка паспрабавала затэлефанаваць праваабаронцам, прадстаўнікі спецслужбаў паабяцалі выклікаць міліцыю. Паводле папярэдніх звестак, супрацоўнікі КДБ таксама цікавіліся сёння яшчэ адным брэсцкім журналістам — Алегам Дэхам, які зараз знаходзіцца за межамі Беларусі.

15.20 Зараз адбываецца ператрус у кватэры незалежнага журналіста, сябра БАЖ з Віцебска Вадзіма Баршчэўскага. Пра гэта паведаміў мясцовы праваабаронца Павел Левінаў. Па яго словах, на кватэру да Баршчэўскага прыйшлі 4 супрацоўнікі КДБ і 2 салдаты тэрміновай службы у якасці панятых.

15.00 Гомельскага незалежнага журналіста, сябра БАЖ Анатоля Гатоўчыца на заўтра выклікаюць на допыт у КДБ. Сёння прыкладна ў 12:45 — амаль адразу пасля ператрусу, які правялі супрацоўнікі КДБ у яго кватэры — маёр КДБ А. Ардаб’еў прынёс журналісту дахаты павестку. Журналісту прадпісана з’явіцца 28 сакавіка ў 10.00 ва ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці ў якасці сведкі па той жа крымінальнай справе, паводле якой ладзіўся ператрус. (Артыкул 367 КК РБ — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта РБ).

Паводле Анатоля, у выніку ператрусу з яго кватэры забралі 2 камп’ютары, відэакамеру, 2 дыктафоны, флэш-карты, відэакасеты, кампакт-дыскі (у лым ліку музычныя і з дзіцячымі казкамі), відэакасеты, брашуры пра БАЖ, кнігі «Случайный президент» і «Политическая биография».

14.30 У Бабруйску ў кватэру сябра БАЖ Андрэя Шобіна увайшлі 3 супрацоўнікі КДБ, з імі яшчэ 2 чалавекі — хутчэй за ўсё, панятыя.

14.20 Толькі што скончыўся ператрус у кватэры наваполацкага журналіста, кіраўніка мясцовай філіі БАЖ Андрэя Аляксандрава. У яго забралі 2 цвёрдыя дыскі з камп’ютараў, папярэдне прагледзеўшы іх змест, некалькі CD і DVD, флэшку і 6 напісаных разам з калегамі тэкстаў Агульнанацыянальнай дыктоўкі:) Наш калега перапісаў тэкст "Даручэння", на падставе якога праводзяцца ператрусы.  

14.00 На працягу дзвюх гадзін — з 9 да 11 раніцы — ішоў ператрус у прыватным доме Аляксея Белага, сябра БАЖ, дырэктара ЧУП «ІнтэксПрэс-Рэгіён», галоўнага рэдактара рэгіянальных газет «Ганцавіцкі час», «Нясвіжскі час» і «Мясцовы час». Супрацоўнікі КДБ паведамілі журналісту, што ў дачыненні да яго мінскай пракуратурай нібыта ўзбуджана крымінальная справа па абвінавачанні ў паклёпе на прэзідэнта ў сувязі з супрацоўніцтвам з тэлеканалам «Белсат». У журналіста забралі сістэмны блок камп’ютара, каля дваццаці кніг (сярод якіх «Журналист — профессия опасная», часопісы «Абажур», «Медиа-эксперт», справаздачы па маніторынгу ГА «БАЖ»), старую візітоўку.

«Я ніколі не супрацоўнічаў з „Белсатам“ і нават не бачыў яго тэлеперадач, — паведаміў службе маніторынгу БАЖ Аляксей Белы. — Шкада, што забралі кампутар і пазбавілі магчымасці працаваць дома і мяне, і маю жонку — навуковага супрацоўніка, якая пісала на ім доктарскую дысертацыю. Мне не сказалі, калі вернуць маю маёмасць. Адзінае — радуе, што бібліятэка КДБ папоўніцца добрай літаратурай».

13.25 Зараз пад дзвярамі журналіста Вадзіма Баршчэўскага (Віцебск) знаходзяцца некалькі супрацоўнікаў КДБ, якія стаяць там з раніцы. Пакуль журналіст не адчыняе ім дзверы.

12:50 Толькі што скончыўся ператрус у офісе Радыё «Рацыя». Незалежную журналістку, сябру БАЖ Юлію Коцкую, якую затрымалі ў офісе радыё, супрацоўнікі КДБ зараз вязуць на допыт у якасці сведкі. Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка ідзе пра крымінальную справу аб паклёпе на прэзідэнта ў мульфільмах  палітычнага зместу, размешчаных  у 2005 годзе на сайце грамадскай ініцыячтывы «Трэці шлях».

На час ператрусу ў памяшканні офіса «Рацыі» прымусова трымалі журналіста БелаПАН Аляксандра Янусіка. Па словах Янусіка, ён даведаўся пра ператрус, прыкладна а 10 гадзіне раніцы і зайшоў у офіс радыё, каб удакладніць інфармацыю і пры неабходнасці зрабіць паведамленне. Але супрацоўнікі КДБ, якія праводзілі ператрус, забаранілі яму пакідаць памяшканне. Журналіст быў вымушаны знаходзіцца там да 12.50.

З 8 да 11 раніцы ішоў ператрус у кватэры кіраўніка Магілёўскай філіі БАЖ Генадзя Судніка. Тры супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці — Гайшун, Раманаў, Нікіценка — у прысутнасці 2 панятых (студэнты, якія жывуць побач у інтэрнаце) забралі ў журналіста сістэмны блок ад камп’ютара і некалькі папер. 

Сп. Суднік уважліва азнаёміўся са зместам ордэру, на падставе якога ладзіўся ператрус. Папера падпісаная 17 сакавіка намеснікам пракурора г. Мінска Аляксеем Стукам. Паводле дакумента, узбуджана крымінальная справа паводле артыкулу 367 КК РБ — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта РБ. У крымінальнай справе фігуруюць Марозаў Т., Мініч О. і Абозаў А. (Яны ж фігуравалі ў справе аб палітычных мультфільмах). У ордэры гаворыцца, што па адрасе, дзе належыць правесці ператрус, могуць знаходзіцца прадметы, якія маюць дачыненне да справы.

З самай раніцы былі абшуканыя кватэры і офісы некалькіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат» у розных рэгіёнах Беларусі. «Мяркую, што гэта спланаваная акцыя, таму што ўсё пачалося адначасова — прыкладна, а 8-ай раніцы», — паведаміў прэс-службе БАЖ Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм тэлеканалу. Па яго словах, у выніку ператрусаў забіраюць камп’ютары і аргтэхніку. Сёння ў 12.00 кіраўніцтва тэлеканалу правядзе ў Варшаве (Ратуша, Банковы пляц) экстраную прэс-канферэнцыю з гэтай нагоды.

Шэраг журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Еўрарадыё», перасталі адказваць на тэлефанаванні сёння з 9.05 раніцы. Іх тэлефоны недаступныя да гэтага часу. Пр гэта паведамілі БАЖ супрацоўнікі радыёстанцыі. 

У Бабруйску прыкладна ў 11.00 сябру БАЖ Андрэю Шобіну патэлефанавалі людзі, якія назвалі сябе супрацоўнікамі праваахоўных органаў і папярэдзілі, каб ён заставаўся дома, бо зараз да яго прыдуць рабіць ператрус.

Каля 8.30 адзін з супрацоўнікаў Радыё «Рацыя» прыйшоў на працу і ўбачыў на лесвічнай пляцоўцы траіх людзей у цывільным, якія паказалі яму пасведчанні супрацоўнікаў КДБ. Паколькі журналіст сказаў, што жыве ў суседняй кватэры, яны запатрабавалі, каб ён упусціў іх, пагражаючы санкцыямі ў выпадку адмовы ад супрацоўніцтва.

У гэты час на працу прыйшоў яшчэ адзін карэспандэнт «Рацыі», у якога былі пры сабе ключы ад памяшкання. Увага візітораў пераключылася на яго, і першы журналіст змог збегчы. Тэлефон другога зараз не адказвае. Не выключана, што ў 8.30 у офісе былі і іншыя супрацоўнікі рэдакцыі, бо тэлефоны некаторых таксама адключаныя.

9:35 Зараз у Гомелі ў кватэры сябра БАЖ Анатоля Гатоўчыца супрацоўнікі КДБ праводзяць ператрус. На дадзены момант забралі 2 асабістыя камп’ютары, якія належаць Анатолю і яго жонцы, фотаапарат. Як паведаміў прэс-службе БАЖ сам журналіст, супрацоўнікі спецслужбаў уважліва пераглядаюць усе паперы і дакументы.

Прыкладна ў 8.30 раніцы 4 супрацоўнікі Гомельскага ўпраўлення КДБ пазванілі ў дзверы кватэры А. Гатоўчыца і прад’явілі ордэр на ператрус. Дакумент падпісаны следчым г. Мінска Шабаном і зацверджаны намеснікам пракурора Мінска Струкам. У паперы гаворыцца, што ператрус праводзіцца на падставе часткі 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ - "Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта РБ". Гаспадару дома паведамілі, што, па іх звестках, у кватэры могуць знаходзіцца нейкія датычныя гэтай справы матэрыялы. Панятых супрацоўнікі КДБ прывялі з сабой — гэта два маладыя мужчыны, незнаёмыя А. Гатоўчыцу. 

На той жа падставе, па звестках БАЖ, зараз праводзіцца ператрус і ў кватэры сябры арганізацыі Алены Сцяпанавай у Віцебску. Як паведаміла сама журналістка, на пачатку 10-й гадзіны раніцы ёй пазванілі ў кватэру. Яна адчыніла дзверы, і ў памяшканне ўвайшлі нейкалькі мужчын з панятымі - салдатамі з бліжэйшай вайсковай часткі. Супрацоўнікі спецслужбаў заявілі ёй, што днямі ў Мінску была распаўсюджаная ўлётка, якая ўтрымлівала знявагу гонару і годнасці прэзідэнта, і ў КДБ маюцца звесткі, што ў кватэры жанчыны могуць быць датычная гэтай справы матэрыялы.

Па словах Алены, у яе забіраюць камп’ютар. Апошняе, што змагла паведаміць  журналістка, - што ёй забараняюць размаўляць па тэлефоне.

 

Даведка БАЖ

Артыкул 367. Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 

Частка 1. Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваецца ў публічным выступленні, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ. Караецца штрафам альбо папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да 4 гадоў, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Прэс-служба ГА "БАЖ"

Комментарий:
Логин:
Пароль:
 Ещё новости раздела
Кремлевское уравнение с двумя известными
Клоны в погонах
13 лет под новым старым флагом
Демократических выборов не ждите?
Акт о демократии в Беларуси продлевается
Пракуратура дапытала каардынатара «Белсату» ў Беларусі Э.Мельнікава
Міліцыянтаў цікавяць “Лялькі” Аляксея Марачкіна
А.Лукашенко готов открыть американцам страну и душу
Працяг справы 14-ці
Палітыкі незадаволеныя працай замежных радыёстанцый
БХД пытается узакониться
ПКБ готовит своих кандидатов в депутаты